Unian.net
Кіраўнік фракцыі Партыі рэгіёнаў у Вярхоўнай Радзе мінулага склікання Аляксандр Яфрэмаў быў затрыманы 14 лютага. 16 лютага Пячэрскі раённы суд Кіева пакінуў Яфрэмава пад арыштам з магчымасцю ўнясення закладу 3,65 млн грыўняў (145 тыс. даляраў).
Калі ў суд унясуць заклад — Яфрэмава адпусцяць, паведамляе Бі-Бі-Сі — Украіна.
Аднак ён будзе абавязаны насіць электронны наручнік і павінен аддаць замежны пашпарт.
Аляксандра Яфрэмава падазраюць у злоўжыванні службовым становішчам і службовым падлогу.
Яфрэмаў лічыць свой арышт палітычным і заяўляе пра «пераслед па надуманых прычынах». Падчас пасяджэння суда ён заявіў, што ў яго няма сродкаў для ўнясення закладу.
Таксама на пытанне журналістаў, ці ўкраінец ён, Яфрэмаў заявіў, што такога паняцця — «украінцы» — зараз не існуе.
Аляксандр Яфрэмаў быў блізкім паплечнікам Януковіча. Ён быў першым намеснікам старшыні Партыі рэгіёнаў, у 2010—2014 гг. кіраўніком фракцыі ПР у Вярхоўнай Радзе, у 1998—2005 гг. кіраўніком Луганскай абласной адміністрацыі.
У ліпені 2014 гг. Генеральная пракуратура Украіны адкрыла крымінальную справу супраць Яфрэмава, яго вінавацілі ў тым, што ён, у ранзе народнага дэпутата, ціснуў на супрацоўнікаў дзяржаўнага прадпрыемства «Лугансквугаль», прымушаючы іх закупіць абсталяванне ў дзвюх фірмаў — уладальнікам адной з іх быў яго сын, другой — жонка.
Таксама Яфрэмава падазраюць у фінансаванні сепаратыстаў на ўсходзе Украіны, а менавіта фінансаванні «ЛНР».
Некалькі год таму выйшаў дакументальны фільм Стаханаўскі магільшчык», прысвечаны ролі Яфрэмава ў закрыцці і банкруцтве Стаханаўскага коксахімічнага завода.