Расейскі МЗС 14 лютага выступіў з заявай «з нагоды выканання мінскіх пагадненняў аб урэгуляванні ўкраінскага канфлікту».

Знешнепалітычнае ведамства пацвярджае высокую ацэнку прынятага дакумента і ад імя Расіі выказвае гатоўнасць садзейнічаць рэалізацыі дасягнутых дамоўленасцей.

«Разам з тым сур'ёзную трывогу выклікае тое, што афіцыйныя прадстаўнікі ўкраінскага боку ў асобе міністра замежных спраў Украіны П.А.Клімкіна, а таксама некаторых заходніх дзяржаў, у прыватнасці ЗША, па сутнасці, салідарызаваліся з меркаваннем радыкальных нацыяналістаў у Вярхоўнай Радзе і сталі скажаць змест мінскіх дамоўленасцей, ставячы пад сумнеў рэалізацыю канкрэтных пунктаў адобранага лідарамі Расіі, Германіі, Францыі і Украіны дакумента. На фоне заяў прадстаўнікоў Данецка і Луганска, якія кажуць аб сваім адказным дачыненні да выканання прынятых на сябе абавязацельстваў, цэлы шэраг выказванняў, зробленых украінскімі палітыкамі ў Кіеве, насцярожвае», — гаворыцца ў заяве.

«Галоўны пасыл мінскіх пагадненняў заключаецца ў тым, што неабходна спыніць баявыя дзеянні, ажыццявіць адвод цяжкіх узбраенняў, прыступіць да рэальнай канстытуцыйнай рэформы на Украіне», — падкрэсліваюць у ведамстве.

МЗС Расіі разлічвае, што ўсе падпісанты мінскага дакумента ад 12 лютага, а таксама бакі, якія падтрымалі мінскі працэс, уключаючы Германію і Францыю, зробяць усё, каб дасягнутыя дамоўленасці няўхільна выконваліся.

Якія канкрэтна выказванні Климкина і прадстаўнікоў Захаду трывожаць расійскі МЗС, у заяве не згадваецца. Між тым афіцыйны Кіеў асцерагаецца, што перамір'е, якое павінна пачацца ў 0 гадзін 15 лютага, будзе сарвана баевікамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?