Першы намеснік старшыні руху «За Свабоду» цягам аднаго з лютаўскіх дзён выпрабуе сябе на вайсковай службе. Юрась Губарэвіч падаў заяўку на ўдзел у праекце Ваеннай акадэміі, інфармагенцтва Міністэрства абароны «Ваяр» і партала Tut.by «Хачу ў армію», паведамляе прэс-служба руху.

Для ўдзелу ў праекце будзе адабрана дзесяць добраахвотнікаў, якія цягам аднаго ў Ваеннай акадэміі пройдуць праз армейскія фізічныя і разумовыя выпрабаванні, анансуюць арганізатары праекта.

Яго відэаверсія будзе прэзентавана 23 лютага, калі ў Беларусі адзначаецца Дзень абаронцы Айчыны. Юрась Губарэвіч кажа, што гэтую дату адзначае, але не як савецкае мілітары-свята, а як уласны дзень народзінаў.

Узяць удзел у праекце могуць тыя, хто не служыў у войску. Прычым у заяўцы трэба патлумачыць – чаму.

Адзін з кіраўнікоў Руху распавёў такія акалічнасці:

«У войску не служыў, бо меў адтэрміноўку ў сувязі з атрыманнем вышэйшай адукацыі. Скончыў палітэхнічную акадэмію ў Мінску, затым Акадэмію дзяржаўнага кіравання пры прэзідэнце Украіны ў Львове. Пасля гэтага быў абраны дэпутатам Белаазёрскага гарадскога Савета».

Датычна матывацыі да ўдзелу ў праекце Юрась Губарэвіч патлумачыў, што хоча «на ўласныя вочы, знутры, убачыць, што з сябе ўяўляе падрыхтоўка цяперашняга беларускага войска, ці гатовыя салдаты і камандзіры да абароны Беларусі ў выпадку любых формаў ваеннай агрэсіі». «У тым ліку з боку краінаў, якія прынята лічыць сяброўскімі», – дадае Губарэвіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0