Мінскі маторны завод (ММЗ) можа пачаць пастаўкі рухавікоў украінскаму Крамянчугскаму аўтамабільнаму заводу (КрАЗ), які робіць акрамя грамадзянскай і тэхніку для ўкраінскай арміі і Нацыянальнай гвардыі для выкарыстання ў баявых дзеяннях супраць расійскіх баевікоў на Данбасе, паведамілі афіцыйныя крыніцы з абодвух бакоў.
У 2015 годзе КрАЗ плануе атрымаць толькі ад Мінабароны Украіны замову на больш чым 500 аўтамабіляў, у тым ліку браніраваных. Да вайны завод вырабляў прыкладна 1.000 цяжкіх і сярэдніх аўтамабіляў рознага прызначэння ў год. У гэтым годзе - 1.800 машын.
Браніраваны аўтамабіль Спартан КрАЗ.
Ладную частку гэтага «пірага» можа атрымаць Мінскі аўтамабільны завод, сказаў у інтэрв'ю biz.liga.net кіраўнік КрАЗ Раман Чэрняк. Прычына — да вайны КрАЗ выкарыстоўваў рухавікі расійскага Яраслаўскага маторнага завода, аднак зараз ЯМЗ атрымаў з Масквы забарону на супрацу з украінцамі.
«Для нас гэта не праблема. Мы замаўлялі на ЯМЗ кожны месяц 200 рухавікоў. Той ж Мінскі маторны завод, Deutz, Cummins, Daimler, Fiat, WEICHAI і г.д. з задавальненнем для нас гэтыя аб'ёмы зробяць», — адзначыў Чэрняк у інтэрв'ю biz.liga.net.
Амаль у той ж час пра кантакты з КрАЗам паведамілі і беларусы.
«Наш завод працягвае шукаць новых пакупнікоў сваёй прадукцыі… Падчас перамоваў украінскі бок праявіў інтарэс да нашых рухавікоў Д-260.12Е2 (Эўра-2) магутнасцю 250 к.с, сэрыі Д-263Е5 (Эўра-5) магутнасцю 330 і 360 к.с. У выніку прадстаўнікамі абодвух прадпрыемстваў складзены пратакол намераў, у якім акрэсленыя накірункі развіцця супрацоўніцтва. Пратакол зацверджаны тэхнічнымі кіраўнікамі ММЗ і КрАЗ», - сведчыць і сайт ММЗ.
KрАЗ-6322 РА з рухавіком 330 к.с.
КРАЗ выпускае браніраваныя аўтамабілі Спартан і Кугуар, Shrek One, Вахта, а таксама аўтамабільныя шасі для тэхнікі радыёэлектронай барацьбы, для ракетных сістэм залпавага агню Град і Ураган, іншую спэцыялізаваную і проста грамадзянскую тэхніку.
З тэхнікі ваеннага прызначэння расійскія рухавікі выкарыстоўваліся на Shrek One, машынах на базе KрАЗ-6322, браніраваных аўтамабілях Вахта і іншых.
Цалкам прадуктовы шэраг КрАЗ можна паглядзець на старонцы завода





