У Беларусі 11 лютага Міністэрства культуры ўвяло ўзроставае абмежаванне на прагляд эратычнага трылера «50 адценняў шэрага», прэм'ера якога ў пракаце прызначаная на 12 лютага. Фільм забараняецца да прагляду гледачамі, маладзейшымі за 18 гадоў, паведамілі ў аддзеле рэпертуарнага прагназавання УП «Кінавідэапракат» Мінгарвыканкама.

Сваё экспертнае заключэнне Рэспубліканская экспертная камісія па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасці Беларусі вынесла менш чым за суткі да прэм'еры фільма. Да гэтага часу больш за 40 тысяч гледачоў паспелі набыць квіткі ў кінатэатры.

Узроставае абмежаванне «18+» азначае, што гледачам, якія не дасягнулі паўналецця, касіры не маюць права прадаваць квіткі. Таксама не дапускаюцца ў месца паказу фільма гледачы, якія не дасягнулі ўзросту, прадугледжанага індэксам кінастужкі. У адпаведнасці з правіламі кінаабслагоўвання насельніцтва, пастаўшчык паслугі абавязаны пакрыць гледачу па яго патрабаванні кошт квітка ў выпадку адмовы ў допуску ў месца паказу фільма па прычыне «недасягнення гледачом узросту, прадугледжанага індэксам фільма».

У ЗША рэйтынгавая асацыяцыя МРАА, што ацэньвае змест фільмаў з пункту гледжання ўзроставага абмежавання, прысвоіла фільму самы строгі рэйтынг — R. Гэта азначае, што дзеці да 17 гадоў могуць глядзець фільм толькі ў прысутнасці дарослых. Фільм, які атрымаў рэйтынг R, звычайна змяшчае сэксуальныя сцэны, эпізоды з ужываннем наркотыкаў, нецэнзурную лаянку, фрагменты з гвалтам і г.д.

Сусветная прэм'ера фільма адбудзецца 11 лютага ў рамках Міжнароднага Берлінскага кінафестывалю. Па колькасці набытых загадзя квіткоў фільм «50 адценняў шэрага» пабіў рэкорд па папулярнасці за ўсю гісторыю кінапракату ў Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?