У Беларусі дзяцей не ў шлюбе часцей нараджаюць жыхаркі сельскай мясцовасці. Такія даныя прыводзяцца ў апошнім нумары «Экономического бюллетеня», які выдаецца Навукова-даследчым эканамічным інстытутам Міністэрства эканомікі. 

«Існуе дыферэнцыяцыя паміж гарадскім і сельскім насельніцтвам па ўзроўні пазашлюбнай нараджальнасці: у сельскіх жанчын нараджэнне дзяцей па-за шлюбам адбываецца ў 1,5 разу часцей, чым у гарадскіх», — гаворыцца ў «Экономическом бюллетене». 

Як адзначаюць спецыялісты НДЭІ Мінэканомікі, у разрэзе рэгіёнаў доля пазашлюбных дзяцей розная. 

«У рэгіянальным разрэзе высокі паказчык нараджальнасці пазашлюбных дзяцей захоўваецца ў Магілёўскай (21,8%), Гомельскай (21%) і Віцебскай (19,2%) абласцях, самы нізкі — у Мінску (11,8%), Брэсцкай і Гродзенскай абласцях (12% і 12,2% адпаведна)», — канстатуюць у НДЭІ Мінэканомікі. 

Аўтары агляду звяртаюць увагу на тое, што ў сельскіх рэгіёнах краіны (паводле даных за 2013 год) каля 45% пазашлюбных дзяцей нараджаліся ў жанчын ва ўзросце да 25 гадоў. 

Раней прадстаўнікі НДЭІ адзначалі, што дэмаграфічныя праблемы, з якімі сутыкнулася Беларусь, прывядуць да скарачэння эканамічна актыўнага насельніцтва. 

«Пры захаванні вызначаных тэндэнцый да 2030 года краіна страціць прыкладна 600 тыс. працоўнага патэнцыялу (гэта раўназначна знікненню трох гарадоў, аналагічных Бабруйску). Пры гэтым чакаецца хуткае скарачэнне колькасці працаздольнага насельніцтва ў перыяд да 2025 года, і толькі ў трэцяй пяцігодцы (2026—2030 гады) працэс прыпыніцца», — заявіў дырэктар Навукова-даследчага эканамічнага інстытута Мінэканомікі Аляксандр Чарвякоў падчас нядаўняй канферэнцыі па пытаннях прагназавання эканамічнага развіцця. 

Паводле яго слоў, у выніку скарачэння працаздольнай часткі насельніцтва можа адбыцца рост дэмаграфічнай нагрузкі амаль у 1,4 разу (з 422 у 2015 годзе да 576 чалавек старэйшых узростаў на 1.000 працаздольных грамадзян у 2030 годзе).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?