За год баявых дзеянняў у Данецкай і Луганскай абласцях загінула больш за 1600 украінскіх вайскоўцаў. І гэта толькі вядомыя страты. Гэта байцы Нацыянальнай гвардыі, тэрытарыяльных батальёнаў, службы бяспекі і г.д.

Спісы загіблых рэгулярна абнаўляюцца, як на старонцы ў Вікіпедыі, гэтак і на адмысловых сайтах. Звярнула ўвагу, што сярод палеглых пад Ілавайскам значыцца 41-гадовы Васіль Ганчарэнка, месцам нараджэння якога пазначыны Навагрудак, Рэспубліка Беларусь.

Арыенціровачнай датай смерці Васіля Ганчарэнкі значыцца 31 жніўня 2014 года. Баец памёр у шпіталі ад ранаў, атрыманых пры адступленні пад Ілавайскам.

Біяграфічная даведка Васіля Ганчарэнкі кароткая. Ён быў старшым сапёрам у батальёне «Данбас», меў пазыўны «Вагон». Пішуць, што на развітанне з Ганчарэнкам прыйшла ўсё вуліца Леванеўскага ў Белай Царкве (Кіеўская вобласць). А 14 верасня гарадская рада Белай Царквы падтрымала рашэнне аб прысваенні Васілю Ганчарэнку звання ганаровага грамадзяніна горада.

«Наша Ніва» датэлефанавалася ў Белую Царкву да сям’і Васіля Ганчарэнкі. Слухаўку зняла ягоная ўдава Наталля. «Ён украінец, а не беларус. Справа ў тым, што Васіля бацькі былі вайскоўцамі, іх часта адпраўлялі ў розныя часткі, таму ён і нарадзіўся ў Навагрудку. У Беларусі ён пражыў, здаецца, да першага класа, а ў школу пайшоў ужо ва Украіне», - расказала Наталля.

Сярод загіблых ёсць яшчэ як мінімум адзін чалавек, які звязаны з Беларуссю. Гэта 25-гадовы хлопец Раман Нікітчанка, які працаваў у Беларусі. Ён быў мінамётчыкам у 93-й механізаванай брыгадзе. А загінуў 5 снежня падчас абстрэлу сяла Пяскі ў Данецкай вобласці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?