Пятро Парашэнка паказвае расійскія пашпарты ў Мюнхене. Фота Ройтэрз.
«Пашпарты, што паказваў Пятро Парашэнка ў Мюнхене, не могуць належыць расійскім вайскоўцам, яны ж вайскоўцы, у іх ваенныя білеты. а пашпарты забіраюць», — масава пісала расійская пятая інтэрнэт-калона, у тым ліку на нашым сайце.
Аднак сёння адбіраць у вайскоўца пашпарт незаконна. Гэта пацвердзіла ў 2009 годзе Міністэрства абароны Расіі.
Пасведчаннем асобы вайскоўца ёсць яго вайсковы білет, які замяняе пашпарт. Але і пашпарт адбіраць, па цяперашнім расійскім заканадаўстве, няможна.
Разам з ваенным білетам у Расіі існуе таксама пасведчанне асобы вайскоўца, што служыць па кантракце, але і яно не адмяняе пашпарта.
Тэарэтычна, расійскія вайскоўцы могуць мець пры сабе пашпарт, калі ваююць на тэрыторыі іншай краіны. Праўда, пра тое, ці маюць расійскія вайскоўцы пашпарты ва Ўкраіне, невядома — афіцыйна расійскіх войск ва Украіне няма (дый у Крыме спачатку таксама «не было», потым высветлілася, што былі).
Найміты, дабраахвотнікі і ўсе іншыя, хто едзе з Расіі ваяваць ва Украіну не ад імя расійскай арміі, вольныя мець пры сабе пашпарт. Што праўда, і мясцовыя жыхары Данеччыны ці Луганшчыны могуць атрымаць расійскія пашпарты, але жыць на тэрыторыі Украіны.





