Сёлета лаўрэатамі прэміі, якая традыцыйна адзначае найлепшыя публікацыі ў часопісе «Дзеяслоў» за год і праводзіцца ўжо ў дванаццаты раз, сталі: у паэзіі Людка Сільнова, у прозе Сяргей Дубавец, у намінацыі «Дэбют» Мікіта Найдзёнаў. Спецыяльнай прэміяй Алеся Усені за ўнёсак у развіццё сучаснай беларускай літаратуры ўганараваны Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч.

Урачыстая цырымонія была арганізаваная ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» і прайшла ў межах грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі».

— Адметнасць сёлетняй прэміі ў тым, што не абвяшчалася інтэрнэт-галасаванка, і рэдакцыя «Дзеяслова» сама абірала лаўрэатаў, склаўшы адразу шорт-ліст, – распавёў Старшыня ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў», галоўны рэдактар часопіса «Дзеяслоў» Барыс Пятровіч. — За 12 гадоў існавання «Залатога апострафа» былі ўганараваныя каля сарака чалавек. Першапачаткова было вырашана, што лаўрэатам прэміі можна станавіцца толькі адзін раз. Аднак цяпер мы бачым, наколькі цікавыя новыя творы з’яўляюцца ў нашых некалі ўжо ўзнагароджаных аўтараў, і, магчыма, з наступнага года мы памяняем правілы. Хацелася б дадаць, што адна з нашых намінацый – дэбютная – носіць імя Анатоля Сыса.

Сяргей Дубавец

Сяргей Дубавец

Вядучы вечара, адказны сакратар часопіса «Дзеяслоў» Анатоль Івашчанка прадставіў першага намесніка старшыні СБП Алеся Пашкевіча, які абвясціў намінантаў прэміі ў галіне прозы.

Лаўрэатам стаў Сяргей Дубавец за публікацыю «Вайна і мір. Справаздача» ў № 71.

Музычную частку вечара склалі выступленні ўдзельнікаў дзеяслоўскай Анталогіі перакладаў расійскай рок-паэзіі (№ 69).

Так, гітарыст Арцём Сітнікаў, скрыпачка Вікторыя Букоўская і флейтыстка Багдана Куталоўская выканалі па-беларуску песні Барыса Грабеншчыкова.

Раман Яраш праспяваў як аўтарскую песню, так і музычную інтэрпрэтацыю па матывах гімна «Магутны Божа». Творчасць БГ па-свойму пераасэнсавалі ў супольным выступе Анатоль Івашчанка і Уладзімір Дрындрожык.

Анатоль Вярцінскі і Леанід Галубовіч 

Анатоль Вярцінскі і Леанід Галубовіч 

Барыс Пятровіч распавёў гледачам пра стварэнне самага першага нумара часопіса «Дзеяслоў» і абвесціў лаўрэата «Залатога апострафа» ў галіне паэзіі – Людку Сільнову (публікацыя ў № 69).

Людка Сільнова і Барыс Пятровіч

Людка Сільнова і Барыс Пятровіч

Паэт, перакладчык, Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра, колішні лаўрэат прэміі Андрэй Хадановіч праспяваў «Арландыну» і песню Уладзіміра Высоцкага па-беларуску.

Спадар Андрэй запрасіў усіх на IV Міжнародны паэтычны фестываль імя Міхася Стральцова з удзелам гасцей з Літвы, Латвіі, Нарвегіі, Швецыі, Украіны, Польшчы, які стартуе 12 лютага. Выступоўца зачытаў свае пераклады літоўскага паэта Гінтараса Граяўскаса і ўкраінскага Сергія Жадана, якія неўзабаве прыедуць на фэст. 

Анатоль Івашчанка

Анатоль Івашчанка

Алесь Пашкевіч

Алесь Пашкевіч

Андрэй Хадановіч і Анатоль Івашчанка

Андрэй Хадановіч і Анатоль Івашчанка

Спецыяльнай прэміяй Алеся Усені за вялікі ўнёсак у развіццё сучаснай беларускай літаратуры ўганараваны Ніл Гілевіч. За Ніла Сымонавіча, які па хваробе не змог прыйсці, узнагароду атрымаў яго сын Сяргей.

Ганна Янкута і Алесь Камоцкі

Ганна Янкута і Алесь Камоцкі

На вечарыне таксама выступілі пісьменнікі, лаўрэаты «Залатога апострафа» розных гадоў Алесь Бяляцкі, Анатоль Вярцінскі, Леанід Дранько-Майсюк, Уладзімер Някляеў. Якраз Уладзімер Пракопавіч і абвесціў сёлетняга лаўрэата ў намінацыі «Дэбют», паэта Мікіту Найдзёнава (апублікаваны ў № 73).

Анатоль Вярцінскі

Анатоль Вярцінскі

Сяргей Гілевіч

Сяргей Гілевіч

Мікіта Найдзёнаў і Уладзімір Някляеў

Мікіта Найдзёнаў і Уладзімір Някляеў

Напрыканцы імпрэзы ўсе жадаючыя змаглі атрымаць часопісы «Дзеяслоў» з аўтографамі аўтараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?