Адкрыццё фестывалю пройдзе 20 лютага а 19 гадзіне ў культурным цэнтры Studio67 (Партызанскі пр-т, 2А, 2 паверх). Уваход вольны.
Надалей цягам 9 дзён будуць паказаныя 15 дакументальных і ігравых фільмаў на праваабарончую, сацыяльную і культурную тэматыку. Супольна з праектам Cinemascope пройдзе паказ фільмаў «Міхаэль» Т. Дрэера, «Дзяўчына ва ўніформе» Л. Саган, «Арфей» Ж. Както, «Ахвяра» Б. Дырдэна, «Горкія слёзы Петры фон Кант» Р.-В. Фасбіндэра і іншых стужак у кінатэатры «Ракета».
Не меней цікавыя дакументальныя фільмы арганізатары абяцаюць паказаць у Галерэі «Ў» і Studio67.
Акрамя кінапаказаў пройдуць сустрэчы з рэжысёрамі і арганізатарамі міжнародных фестываляў нажывую і анлайн, адукацыйныя лекцыі, перформансы і выступы гуртоў «Касіяпея», «ЭВМ» (Беларусь) ды «Людська Подоба» (Україна), а таксама выстава «Больш, чым ЁН».
Падрабязнасці і расклад мерапрыемстваў можна паглядзець на сайце dotyk.by.
***
«Dotyk» стане прешым у Беларусі квір-кінафестывалем. Квір (ад англ. queer — іншы) азначае любыя не адпаведныя традыцыйнай мадэлі паводзіны і ідэнтычнасці. Квір-ідэнтычнасць дазваляе адначасова зрабіць палітычную заяву супраць гетэранарматыўнасці і разам з тым адмовіцца ад традыцыйнай палітыкі катэгарызацыі ідэнтычнасцяў.





