Спецыялісты аператара мабільнай сувязі velcom займаюцца вырашэннем праблемы несанкцыянаваных тэлефанаванняў з-за мяжы абанентам кампаніі.
З вечара 5 лютага некаторым абанентам velcom сталі паступаць несанкцыянаваныя тэлефанаванні з замежных нумароў. Тэлефонная «атака» доўжылася ўсю ноч і раніцу.
У кантакт-цэнтры velcom паведамілі, што па гэтым пытанні зафіксаваныя масавыя звароты абанентаў. Спецыялісты настойліва раяць не адказваць на такія тэлефанаванні і не тэлефанаваць на нумары, якія вызначыліся.
У прэс-службе аператара БелаПАН таксама пацвердзілі факт тэлефанаванняў з невядомых нумароў некаторым абанентам кампаніі. «Дадзеная задача нашым спецыялістам, высвятляюцца акалічнасці. Ідзе звычайны ў такім выпадку працэс з высвятленнем, пацвярджэннем і блакаваннем», — адзначылі ў прэс-службе. Пры гэтым запэўнілі, што праблема не мае масавага характару, а закранула толькі некаторых абанентаў.
У кампаніі velcom разлічваюць, што праблема будзе неўзабаве вырашаная.





