Вучаніца другога класа з Магілёва Еўфрасіння Варапаева сабрала для школы рэкордную колькасць макулатуры — 1,4 тонны! У гэтым ёй дапамаглі бацькі і бабуля, якая працуе на рынку. Пра гэта Еўрарадыё распавяла маці дзяўчынкі Святлана Варапаева:
«Стары кардон на рынку звычайна выкідаецца, але калі людзі пачулі пра конкурс, нам вырашылі дапамагчы, не сталі выкідаць і аддалі нам. Мы яго запакоўвалі і здавалі. Наша бабуля здорава дапамагла. У нас іншага не было — кардон, у асноўным».
У школе дзяўчынку паабяцалі ўзнагародзіць разам з усім класам. Бо гэты клас сабраў найбольш макулатуры ва ўсёй школе.
Збор макулатуры ў школах — адзін з дадатковых, неўласцівых абавязкаў класных кіраўнікоў. На гэты від дзейнасці скардзяцца многія настаўнікі са сталіцы і рэгіёнаў.





