Расійская Федэральная служба па кантролі за абаротам наркотыкаў (ФСКН) западозрыла ўкраінскага алігарха Ігара Каламойскага ў датычнасці да продажу спайсаў у Расіі, бо атрыманыя ад продажу сродкі паступалі на рахункі падкантрольнага яму «Прыват-банку».
«Затрыманыя 50 актыўных удзельнікаў злачыннай супольнасці, якія маюць дачыненне да гандлю новымі псіхаактыўнымі рэчывамі, што выклікала ў верасні 2014 года ў Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе — Югры, Кіраўскай вобласці і іншых рэгіёнах краіны масавыя атручванні расіянаў, у тым ліку са смяротным вынікам», — гаворыцца ў дакуменце.
Наркапаліцэйскія канфіскавалі больш за 100 кілаграм сінтэтычных наркотыкаў, кошт якіх ацэньваецца ў суму большую за 800 мільёнаў расійскіх рублёў.
Адзначаецца, што сродкі, якія атрымлівалі гандляры наркотыкамі, паступалі на рахункі ў «Прыват-банку». Банк належыць украінскаму алігарху Ігару Каламойскаму.
У Расіі Каламойскага абвінавачваюць у забойствах, перашкодах прафесійнай дзейнасці журналістаў і выкраданні людзей. У пачатку ліпеня 2014 Басманны суд Масквы ўхваліў яго завочны арышт.





