Кадр з відэагульні Watch Dogs

Кадр з відэагульні Watch Dogs

Па інфармацыі УУС Магаблвыканкама, махлярства і вымагальніцтва праз інтэрнэт было асноўнай крыніцай прыбытку маладога чалавека, крымінальнай дзейнасцю ён займаўся на працягу 7 гадоў.

За гэты час ён атрымаў рэквізіты 10 з лішнім мільёнаў карыстальнікаў. Па звестках УУС, за гэты час ён зарабіў не менш за 70 тысяч даляраў.

Зламыснік размяшчаў абвесткі аб прадстаўленні паслуг узлому. Па інфармацыі УУС, да яго звярнуліся не менш за 3 тысячы чалавек, пераважна з Расіі, Украіны і Казахстана. Сярэдняя цана ўзлому — 100 даляраў.

Замоўцы ўзлому часцей за ўсё не атрымлівалі паслугу: хакер прадстаўляў «пацверджанне» ўзлому, атрымліваў грошы і надалей не выходзіў на сувязь.

Асноўным заняткам хакера быў фішынг (фальшывыя старонкі кшталту vkontakle.ru замест vkontakte.ru, праз якія здабываюцца паролі да пошты), таксама ён краў лагіны і паролі да Skype, ICQ і іншых інтэрнэт-сервісаў.

З доступам да электроннай пошты хакер здабываў доступ і да электронных кашалькоў, а таксама знаходзіў кампрамат на чалавека (напрыклад, інтымныя фота), за якія потым вымагаў грошы. У выпадку, калі яму трапляліся выявы адсканаваных пашпартоў, ён рэгістраваў на іх уладальнікаў электронныя кашалькі для вываду грошаў. Праз скрадзеныя акаўнты ў мэсэнджэрах ён пісаў кантактам ахвяры з просьбай пералічыць пэўную суму грошаў. Акрамя таго, ён узламваў сайты прадпрыемстваў і арганізацый і патрабаваў грошы за вяртанне доступу да іх.

У яго арсенале была і шматхадовая схема: з дапамогай шкодных праграм ён атрымліваў інфармацыю аб стане рахункаў карыстальнікаў плацёжных сістэм, затым ад імя адміністрацыі рэсурсу прасіў карыстальнікаў наведаць падробную старонку, каб там ахвяра ўвяла (т. зн. аддала хакеру) сваю пошту і пароль, што дазваляла завалодаць электронным кашальком.

Супраць маладога чалавека Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу па артыкуле 351 УК РБ «Камп’ютарны сабатаж».

Па ч.1 яму пагражае да пяці год пазбаўлення волі. Калі будзе выяўлены несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай сістэмы альбо сеткі, што прывёў да цяжкіх наступстваў, па ч.2 яму будзе пагражаць да дзесяці год.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?