Распальванне тэрарызму — у такім злачынстве падазраюцца асобы, якія распаўсюджваюць у Літве ідэалогію Уладзіміра Пуціна і антылітоўскую прапаганду. Праваахоўныя органы ідуць па іх следзе, піша літоўскі партал Дэльфі.
Як паведаміла Генпракуратура Літвы, цяпер праводзяцца два расследаванні па інфармацыі, апублікаванай у СМІ. Першае — у сувязі з распаўсюджваннем крамлёўскай ідэалогіі сайтам ltnacionalistas.wordpress.com. Новае расследаванне праваахоўныя органы пачынаюць у сувязі з асобамі, якія агітуюць ў Літве ісці за прарасейскімі сепаратыстамі ў Украіне і ствараць «Віленскую народную рэспубліку».
Адносна «нацыянал-сацыялістаў» пракуроры таксама праводзяць расследаванне яшчэ па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: «Публічныя заклікі гвалтоўна парушыць суверэнітэт Літоўскай Рэспублікі» і «Стварэнне і дзейнасць антыканстытуцыйных груп або арганізацый». За першае злачынства пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі, за другое — ад трох да дзесяці гадоў.
Пракуроры таксама імгненна зрэагавалі і на інфармацыю — ці то жартаўлівую, ці то сур'ёзную — пра заклікі па прыкладзе ўкраінскіх баевікоў стварыць у Віленскім краі «Віленскую народную рэспубліку».
Аўтарам заклікаў пагражае турма за «Публічныя заклікі гвалтоўна парушыць суверэнітэт Літоўскай Рэспублікі» і «Стварэнне і дзейнасць антыканстытуцыйных груп або арганізацый». У распальванні тэрарызму агітатары «народнай рэспублікі» пакуль не падазраюцца.





