Reuters.com

Reuters.com

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што перамовы з германскім канцлерам Ангелай Меркель і прэзідэнтам Францыі Франсуа Аляндам у Кіеве даюць надзею на дасягненне пагаднення аб спыненні агню ў Данбасе.

У чацвер Меркель і Алянд прыбылі з нечаканым візітам у Кіеў, каб абмеркаваць магчымасць дасягнення новага перамір'я на ўсходзе Украіны. Іх перамовы з Парашэнкам працягваліся 5 гадзін і праходзілі ў закрытым рэжыме. Пасля іх заканчэння Ангела Меркель і Франсуа Алянд пакінулі адміністрацыю ўкраінскага прэзыдэнта, не зрабіўшы якіх-небудзь заяў для прэсы.

Перад адбыццём у Кіеў Алянд абвясціў, што яны з Меркель маюць намер прапанаваць «новы шлях вырашэння канфлікту, заснаваны на прынцыпе тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны», які пры гэтым «будзе прымальны для ўсіх бакоў».

У апублікаваным у ноч на пятніцу паведамленні на сайце ўкраінскага прэзідэнта гаворыцца, што «бакі падтрымалі мірнае ўрэгуляванне канфлікту ў Данецкай і Луганскай вобласці і выказалі надзею, што і Расія зацікаўлена ў гэтым».

«Трое лідараў заклікалі да неадкладнага спынення агню, вываду замежных войскаў з Украіны, адводу цяжкай тэхнікі і ўзбраенняў, закрыцця мяжы і вызвалення ўсіх закладнікаў», — паведамляе прэс-служба Пятра Парашэнкі, падкрэсліваючы пры гэтым, што «асновай вырашэння канфлікту» застаюцца Мінскія дамоўленасці.

У пятніцу германскі і французскі лідары маюць намер абмеркаваць сваю новую мірную ініцыятыву ў Маскве з прэзідэнтам Пуціным.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?