Супрацоўнікі Службы бяспекі Украіны затрымалі падпалкоўніка Генеральнага штаба Узброеных сіл Украіны, які з'яўляецца адным з арганізатараў фэйкавага «штурму» Адміністрацыі прэзідэнта 3 лютага.

Пра гэта заявіў кіраўнік СБУ Валянцін Налівайчанка на брыфінгу ў сераду, 4 лютага.

Паводле яго слоў, высокапастаўлены чыноўнік Генштаба затрыманы разам з іншымі ўдзельнікамі злачыннай групоўкі, якія падбухторвалі на пратэстныя акцыі дэзерціраў добраахвотніцкіх батальёнаў, а таксама «людзей у ваеннай форме, якія ніколі не былі ў АТА».

«15 хвілін таму завяршылася аперацыя. Намі затрыманыя арганізатары ўчорашніх спробаў правакацый у цэнтры Кіева», — сказаў ён.

«Намі затрыманы грамадзянін Украіны, падпалкоўнік аднаго з кіруючых падраздзяленняў Генштаба, яго прозвішча Чарнабай, 1974 года нараджэння», — заявіў кіраўнік СБУ.

Затрымалі таксама саўдзельніка гэтага чыноўніка — прадстаўніка «тэрарыстычнай арганізацыі ДНР, які арганізоўваў падрыўную і шпіёнскую дзейнасць на нашай тэрыторыі, яго прозвішча — Малешка».

Па словах Налівайчанкі, падпалкоўнік Чарнабай, карыстаючыся службовым становішчам і працуючы інструктарам у адным з добраахвотніцкіх батальёнаў, падаваў байцам ілжывую інфармацыю аб завышаных стратах сіл АТА на Данбасе, чым падбухторваў іх да пратэстных акцый.

Акрамя таго, ён развіваў агентурную сетку для гэтай падрыўной дзейнасці.

Прэс-цэнтр СБУ удакладняе, што здраднік перадаваў па сектарах дакладныя каардынаты добраахвотніцкіх батальёнаў баевікам «для вядзення артылерыйскіх абстрэлаў».

«Здраднік-правакатар, якому расійскія куратары далі пазыўны «Сямёнавіч», перадаваў сакрэтныя дадзеныя аб дыслакацыі і перамяшчэнні ўкраінскіх ваенных падраздзяленняў баевіку т.зв. «ДНР» Малешку на мянушку «13». Зламыснікі канспіраваліся, сустракаліся ў абумоўленых месцах перадачы інфармацыі, пастаянна змяняючы карткі мабільнай сувязі», — паведамілі ў СБУ.

Злачынна здабытыя сакрэтныя дадзеныя, выдаванне якіх складае пагрозу абараназдольнасці дзяржавы, «13» перадаваў верхаводу артылерыйскай брыгады тэрарыстаў «Кальміус».

Падчас чарговай перадачы сакрэтнай інфармацыі абодвух зламыснікаў затрымалі супрацоўнікі СБУ.

Па звестках ведамства, гэтая група загадзя паведамляла СМІ, падкантрольным расійскім спецслужбам, аб спланаваных дыверсіях, дзякуючы чаму прадстаўнікі расейскіх тэлеканалаў першымі аказваліся на месцы падзеі і падавалі іх скажона.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?