Пад «нашаніўскай» навіной пра тое, што Valentino на чацвёртым тыдні моды ў Парыжы паказаў калекцыю камізэлек, жупаноў і сукенак, «прысвечаную» нашаму земляку Марку Шагалу, — процьма лайкаў. Што сведчыць пра тое, што чытачы не зусім зразумелі, што адбываецца. Паспрабую растлумачыць.

Калекцыя Valentino складаецца з двух асноўных кампанентаў: умоўна этнічнага (першыя тры здымкі па спасылцы) і ўмоўна «раскошнага» ці «пост-этнічна-выкшталцонага». Вакол этнічных вырабаў калекцыі адразу пачалася спрэчка, ці беларускія яны. Шмат хто з адмыслоўцаў і знаўцаў узораў і патэрнаў выказаўся, што жупаны адсылаюць да традыцыйнай гуцульскай вопраткі, распаўсюджанай у паўночных Карпатах. Што характэрна, рускія патрыёты адразу паднялі халівар на тэму таго, што вырабы Valentino, безумоўна, натхнёныя рускімі традыцыйнымі касцюмамі, і калі нехта не бачыць на мадэлях какошнікаў, дык ён проста дрэнна глядзіць. Піцерскі карыстальнік Facebook Максім Чарніцоў зазначыў у сябе ў блогу, што «дызайнеры дома Valentino ператвараюць рускі народны касцюм у калекцыю haute couture».

Калі ў вас пацягнулася рука паспрачацца з Чарніцовым, не спяшайцеся, а праглядзіце этнічную частку калекцыі ўважліва. Паверце чалавеку, які змарнаваў на гэта шмат гадзін: акрамя любых беларускаму сэрцу вышыванак і наўпрост побач з імі тут жывуць самыя трушныя рускія сарафаны (глядзіце другую фотку тут).

Некаму можа падацца, што модны дом Valentino захварэў на шызафрэнію, змешваючы ў адным шэйкеры рускую, такую не падобную на нашую, беларускую, такую не падобную на рускую, ды ўкраінскую традыцыйныя вопраткі. Але тое, што адбылося, значна больш прыкра для нас. І для Шагала, дарэчы.

Рэч у тым, што калі глядзіш з Італіі, дык што Расія, што Украіна, што Беларусь — гэта літаральна адно і тое ж. Не, Valentino не хацеў пакрыўдзіць нас, прыніжаючы ўключэннем у Расію. Ён проста шчыра не бачыць адрозненняў! І не толькі ён, дарэчы: для ўсёй Заходняй Еўропы Расія, Беларусь, Украіна — гэта адна краіна, умоўнае «славянскае СССР».

Марк Шагал у венскай «Альберціне» вісіць у зале «Рускае мастацтва». І тут пачынаецца самая цікавая частка гісторыі. Частка, што тычыцца Шагала.

Бо менавіта адсюль — «з Расіі» — скокнулі ў калекцыю «вышыванкі». Нехта з беларускіх патрыётаў дапусціў, што Valentino настолькі добра ведае біяграфію і паходжанне Шагала, што здолеў уцяміць, што мастак — беларус? Бо народжаны ў Віцебску (пры тым, што ў палове заходніх біяграфій Шагала месцам народзінаў значыцца Liozno, Russia)? Дык давайце будзем рэалістамі — нават сярод замежных адмыслоўцаў, даследчыкаў Шагала, навіна пра тое, што Віцебск цяпер — гэта не Расія, выклікае шок!

Далей. Вы думаеце, што, даведаўшыся аднекуль пра складаны і пакручасты лёс Віцебска, ягоную шматлікую змену дзяржаўнай прыналежнасці ў 1920-я (БССР у канчатковым складзе была створаная толькі ў 1924-м; пытанню шагалаўскай ідэнтычнасці прысвечаны асобны раздзел у маёй кнізе «Радзіма. Марк Шагал у Віцебску ў 1914-1920-х», што выйдзе на рускай мове ў гэтым годзе), даведаўшыся пра гэта і разабраўшыся ў гэтым, Valentino вырашыў звярнуцца да эстэтычных каранёў, што фундуюць беларускую ідэнтычнасць? Ці не надта вялікая даследчыцкая праца як для італьянскага дызайнера? Вам не падаецца?

Марк Шагал паўсюль казаў пра тое, што ён — рускі мастак.

Час ад часу зазначаў, што ён «рускі габрэйскі мастак». Прыметнік «беларускі» не гучаў з ягоных вуснаў ні разу (!). Гэта вялікая праца — вярнуць Шагала Беларусі, і, паверце, модны дом Valentino гэтай працай займацца не будзе.

І апошні паварот. Можна было б дапусціць, што «беларускія вышыванкі» крочылі ў калекцыю haute coutureнаўпрост з палотнаў Шагала. Што ў яго ёсць выявы, на якіх яго суродзічы водзяць карагоды вакол бел-чырвона-белага сцяга, маючы на спінах выразна бачныя татухі з «Пагоняй», і недзе ў нябёсах ужо вымалёўваецца напаўпразрысты партрэт Зянона.

Дык хацеў бы расчараваць.

Уражанне аб этнічным паходжанні землякоў Шагала можна ўзяць, напрыклад, з гэтай вось карціны.

Цьмяныя невыразныя фігуры, шмат хто ў доўгіх паліто, яшчэ нехта ў форме жаўнераў царскай арміі: скрыпкі, бароды, боты. Ніякіх вышыванак. Гарадскія жыхары на працах віцебскага перыяду звычайна апрануты інтэрнацыянальна, без беларускіх этнічных адметнасцяў (але часам з габрэйскімі). Таму я не ведаю, што і як у гэтай калекцыі узятае з прац Шагала. Для мяне галоўны пазнавальны жаночы вобраз «беларускага перыяду» — магічная каханая мастака, Бэла (насамрэч Берта) Шагал. Велічная, прыгожая, апранутая ў адну і тую ж сукенку — чорную, з шырокім белым адваротам. Вось яна на тле нябёсаў, вось яна ж з Маркам.

Тое, што мы бачым у Valentino, — ніякія не развагі над сілуэтам Бэлы, але тое, што style.com выразна вызначае як«Russian pieces».

Адзіны водбліск сапраўднага Шагала, які крануў мяне ў гэтай калекцыі, — жывыя рамонкі ў валасах мадэлек. І дзе яны ўзялі рамонкі ў лютым? Вось гэты цуд — сапраўды нешта ад шагалаўскай каларыстыкі і пластыкі, ад ягонага містычнага сімвалізму.

З нейкага боку гісторыя пра тое, як Valentino камерцыйна ўдала «натхніўся» Шагалам, нагадвае, як у сярэдзіне нулявых у Беларусі пачалі прадаваць гарэлку «Шагал», чым вельмі здзівілі сусветны Шагалаўскі камітэт. Камерсанты нават пыталіся давесці, што не малі на ўвазе таго самага Шагала, што назва прыйшла ад умоўнага Шагала, і гэты самы «ўмоўны Шагал» стаўся мемам сярод маладых даследчыкаў.

Але з іншага боку, Valentino — дызайнер модны. Ужо ў траўні ягоныя «Russian pieces» будзе насіць увесь Галівуд. І гаварыць пры гэтым пра Шагала, згадваючы імя нашага славутага земляка.

У Беларусі з’явіцца шанец на гэтай хвалі заявіць пра сваю ролю ў жыцці творцы, нагадаць пра Віцебск, віцебскую мастацкую школу і ўсё, што адбывалася ў горадзе ў 1918-1920-я. Будзем спадзявацца, хаця б да некага дойдзе, што бабы ў какошніках з мядзведзямі на вуліцах матрошкамі тут болей не гандлююць.

***

17 лютага ў канферэнц-зале Novotel (Вільня, Літва) адбудзецца адкрытая лекцыя Віктара Марціновіча «Marc Chagall in Vitebsk», падчас якой аўтар прэзентуе вынікі свайго венскага даследавання і распавядзе пра кнігу Rodina. Marc Chagall in Vitebsk 1914-1920. Працоўная мова сустрэчы — англійская, уваход вольны, але колькасць месцаў абмежаваная, таму RSVP: [email protected].

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?