У савецкі час мінская турма на Валадарскага была непрыступнай. На пальцах можна пералічыць выпадкі ўцёкаў адтуль. Архіўныя справы ранейшых часоў малююць нам трохі іншую карціну.

Цудоўным вясновым днём 16 мая 1903 года наглядчык Мінскай турмы Рыгор Андруховіч стаяў на варце. Вечарэла.

І раптам з акна на даху замкавай вежы ўпаў канец доўгай вяроўкі. Яшчэ імгненне — і па вяроўцы ўжо спускаўся арыштант! Наглядчык на некалькі секунд аслупянеў. Гэтага часу было дастаткова, каб чалавек у турэмнай вопратцы саскочыў на сцяну, якая падзяляла мужчынскі і жаночы дворыкі і пабег па ёй у бок турэмнай агароджы.

«Стой, заб’ю!» — закрычаў ахоўнік і паспрабаваў хоць штыхом дастаць уцекача. Але той ужо саскочыў у турэмны сад.

Чаму ж не страляў, пыталіся ў Андруховіча пасля на допыце. Выявілася — не зарадзіў стрэльбу. Не чакаў, што хтосьці будзе ўцякаць у светлы час сутак. Потым, праўда, падкарэктаваў свае паказанні: маўляў, стрэльба была набітая, але сам ён разгубіўся ад нечаканасці.

Зрэшты, і крыкі наглядчыка не былі марнымі: з акна на паддашку выглядаў наступны арыштант. Але пачуўшы, што паднятая трывога, і не ведаючы, што зброя ў ахоўніка не зараджаная, ён не рызыкнуў спускацца па вяроўцы.

Яго пераняў на гарышчы памочнік начальніка Мінскага турэмнага замка Сямён Мянжынскі, які ў той дзень быў старэйшым па турме. Няўдалы ўцякач не вельмі быў рады гэтай сустрэчы і запусціў у Мянжынскага цаглінай, але не пацэліў і быў затрыманы.

Ліннік і Ваўчок

Уцякалі з турмы двое сялян. Таго, што ўцёк, звалі Восіп Ліннік, а таго, каго злавілі на гарышчы, — Васіль Ваўчок.

Былі яны, як сёння б сказалі, «падзельнікамі» і сядзелі за разбойны напад на дом памешчыка Мацкевіча. На час рамонту ў турме яны трапілі ў агульную камеру для катаржнікаў на трэцім паверсе.

Ліннік і Ваўчок былі рэцыдывістамі. Ваўчка Мінскі акруговы суд ужо двойчы судзіў за крадзяжы ў 1898 і 1901 гадах. Ліннік на момант арышту па справе Мацкевіча быў пазбаўлены ўсіх правоў стану. У яго лёсе адыграў ролю і сацыяльны фактар: Ліннік быў незаконнанароджаным, што ў вёсцы канца ХІХ стагоддзя найчасцей азначала галечу. На злоўленага Ваўчка завялі новую справу — за замах на ўцёкі па папярэдняй змове з групай асобаў і ўзломам дзвярэй на гарышча турмы.

Васіль Ваўчок прызнаў сябе вінаватым. Тым часам Мянжынскі з наглядчыкамі і начальнікам турмы Міткевічам, які спешна прыехаў, дазнаўшыся пра здарэнне, аглядалі месца злачынства: калідоры, гарышча і дах. Адна за адной высвятляліся падрабязнасці дзёрзкіх уцёкаў.

Кайданы разбілі сякерай

Умовы ўтрымання ў астрозе пачатку мінулага стагоддзя могуць падацца нам вальнейшымі — зняволеных пускалі ў прыбіральню, яны маглі, як пабачым далей, нават скрасці тое-сёе ў рабочых, якія рабілі ў турме рамонт.

Але былі і свае мінусы: трымалі зняволеных у кайданах. Калідорны наглядчык Мікалай Гарадзецкі адразу прызнаў сваю правіну: прапускаючы арыштантаў па ваду ў вежу, ён забыўся замкнуць дзверы. Наглядчык меркаваў, што арыштанты маглі трапіць у вежу, калі іх выпускалі з камеры ў прыбіральню. Было высветлена, што дзверы з калідора ў вежу цэлыя, а дзверы з вежы на гарышча разламаныя напалам.

На гарышчы пад цаглінамі былі знойдзеныя два ланцугі ад кайданоў, пры аглядзе якіх аказалася, што чатыры канцавыя кольцы, якія злучаюць ланцугі з абручамі, былі распілаваныя «тонкай пілкай з англійскай сталі», а пасля разагнутыя двума вялікімі цвікамі, вырваным з падваконня ў прыбіральні.

Як пасля на допыце паказаў Ваўчок, кайданы яны з Ліннікам разбілі… сякерай, скрадзенай у будаўнікоў, што рабілі рамонт у турме.

Агульная карціна злачынства была зразумелая. Арыштанты скарысталіся памылкай наглядчыка Гарадзецкага, які забыўся замкнуць дзверы з калідора ў вежу, дзе размяшчаўся запасны рэзервуар з вадой і быў ход на гарышча. Ліннік і Ваўчок праніклі спачатку ў вежу, потым зламалі люк на гарышча.

Там яны разбілі на сабе нажныя кайданы і звілі з бялізны, што якраз сушылася на гарышчы, тоўстую вяроўку, пусціўшы ў справу і знойдзеныя там жа старыя сеннікі.

Наглядчыкі дзівіліся з даўжыні той вяроўкі: 12 сажняў (больш за 25 метраў!). Потым вынаходлівыя зэкі адламалі кавалак драўлянай кроквы, што засціў дахавае акно, і, умацаваўшы на гарышчы канец вяроўкі, вылезлі на дах. Адтуль Ліннік спусціўся на сцяну.

На «15 сутак»

12 чэрвеня 1903 года пастановай Мінскага губернскага праўлення малодшыя наглядчыкі Мікалай Гарадзецкі і Рыгор Андруховіч былі аддадзеныя пад суд за халатнасць. Гарадзецкі і Андруховіч, што паходзяць з сялян адпаведна Стэпскай воласці, Бабруйскага павета і Койданаўскай воласці Мінскага павета, былі звольненыя і пакараныя двума тыднямі арышту пры паліцыі кожнаму.

Трохі даўжэй чакаў свайго суду няўдалы ўцякач. 17 лютага 23-гадовы селянін вёскі Пятровічы Навамышскай воласці Навагрудскага павета (цяпер Баранавіцкі раён) Васіль Ваўчок за спробу ўцёкаў быў пазбаўлены ўсіх правоў і аддадзены ў папраўчыя арыштанцкія аддзяленні тэрмінам на 2 гады і 6 месяцаў.

Пакаранне наўрад ці можна было лічыць цяжкім, але не варта забываць, што было гэта пакаранне толькі за спробу ўцёкаў з турмы, а не за астатнія злачынствы Ваўчка.

Ужо 23 сакавіка 1904 суд гэты прысуд прыпыніў, а ў чэрвені Ваўчок на падставе шэрагу артыкулаў быў асуджаны да пазбаўлення ўсіх правоў і высылкі на катаржныя работы тэрмінам на 6 гадоў.

Эх, раз…

Восіпа Лінніка так і не знайшлі. Вядома, што класіка — натхняе. У ноч з 2 на 3 снежня 1904 пяцёра арыштантаў на чале з Васілём Ваўчком паспрабавалі паўтарыць «класічныя ўцёкі» Лінніка і Ваўчка.

На тое, што наглядчык забудзецца замкнуць дзверы камеры, ужо разлічваць не даводзілася. І ўцекачы металічным прутом прабілі дзірку ў сцяне пад нарамі, а праз яе трапілі ў калідор, што вядзе на гарышча.

Там Ваўчок ужо ведаў, што рабіць: дзверы на гарышча былі не выбітыя сілай, каб не шумець, а адкрытыя адмычкамі. Акрамя таго, загадзя былі нарыхтаваныя дзве вяроўкі: адна вялікая, каб спусціцца з даху, а другая паменш, з грузам на канцы, каб перакінуць праз турэмную сцяну (бегчы па сцяне на вачах наглядчыка Ваўчок ужо не рызыкнуў).

Але арыштантаў, якія вылезлі праз слыхавое акенца гарышча, выдаў металічны дах. У зімовую ноч ён гучна грукатаў, калі па ім хадзілі ўцекачы. Наглядчыкі пачулі і ўзнялі трывогу. Спачатку была выяўленая дзірка ў сцяне камеры, а потым усе пяцёра ўцекачоў на чале з Ваўчком, які не змірыўся з першай няўдачай, былі злоўлены на гарышчы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0