Life is Strange прадстаўляецца як відэагульня, але значна бліжэй да інтэрактыўнага фільму па сутнасці. Яна складаецца з 5 эпізодаў, першы з іх выйшаў 30 студзеня.

Максін Колфілд, а для сяброў проста Макс, — 18-гадовая студэнтка-фатограф. Яна прачынаецца пасля страшнага сну на ўроку ў прыватнай школе. Макс ідзе ўмыць твар, але ў прыбіральні становіцца сведкай забойства сваёй колішняй лепшай сяброўкі. Нейкім чынам яна адварочвае час на 10 хвілін, якія затым зноў перажывае і прадухіляе забойства.

Калі вы паспелі закахацца ў Алікс з Half-Life 2 ці Элізабэт з Bioshock Infinite, бяжыце купляць Life is Strange — Макс як раз той выпадак.

Макс вярнулася ў Аркадыю пасля некалькіх панурых год у Сіэтле ды заўважае, як змяніўся знаёмы ёй свет. І без таго сарамлівае дзяўчо (якое, праўда, не саромеецца моцнага слаўца) адчувае сябе няёмка ў знаёмых дэкарацыях сярод ледзь знаёмых людзей. Ёй прыйдзецца станавіцца дарослай (тым болей што ў свае 18 Макс выглядае максімум на 13). Яе лепшая сяброўка дзяцінства (якую Макс і ўратавала ў школе) мае праблемы з алкаголем, неаплочанымі рахункамі, лёгкімі наркотыкамі і ўсім, чым можа прыдумаць. Сумна і дзіўна, але ў глыбіні цёпла і родна.

Life is Strange – сімулятар настальгіі. Толькі ў містычным горадзе Аркадыя, падобным да мястэчка Твін Пікс з аднайменнага серыяла.

Гісторыя поўная адсылак на ўсё, што магчыма. Тутэйшая зніклая Рэйчал — адзін у адзін Лора Палмер. Тут згадаюць і Kickstarter, і Лару Крофт, і ўсю сучасную (ці яна ўжо выходзіць з моды?) культуру хіпстараў. 

Французскія распрацоўшчыкі Dontnod Entertainment відавочна карыстаюцца здабыткамі Fahrenheit, Alan Wake і асабліва Heavy Rain. Гульні з памяццю яны ўжо выкарыстоўвалі ў сваім папярэднім праекце Remember Me. Для аматараў Bioshock гісторыя завіруе вакол таямнічага маяка. Будзе і «дасканалы шторм», які дзе толькі не здараўся.

Але ў Life is Strange не постмадэрнізм дзеля постмадэрнізму.

Французы пастараліся паказаць свет амерыканскіх хіпстараў, сам па сабе поўны адсылак на мінуўшчыну, з энцыклапедычнай дакладнасцю. Гулец трапіць у гэткі «Левіяфан наадварот», ідылію сучаснага падлетка, дзе ўсе модна апранаюцца, цікавяцца фота ды мастацтвам, слухаюць інды-музыку. За выключэннем дробных хібаў у рэпліках (усё ж слэнг недадаследавалі), Life is Strange можа паслужыць падручнікам наступным пакаленням.

На жаль, аматарам інтэрактыўных фільмаў прыйдзецца звыкаць да кіравання як у экшанах. А аматарам экшанаў — да нечаканых праблем з запускам (аўтару дапамагло выстаўленне англійскай мовы для праграм, што не падтрымліваюць Unicode, у наладах рэгіянальных параметраў Windows) і «тармазоў» на пустым месцы (дапамагло адключэнне вертыкальнай сінхранізацыі ў самой гульні), а таксама не самай зручнай камеры і не самага відавочнага механізму пошуку прадметаў.

У першыя імгненні хочацца аблаяць аўтараў за графіку ўзроўню 10-гадовай даўніны. Праўда, потым прыходзіць разуменне таго, што «а мо так і трэба». Выява тут «замыленая» дзеля імпрэсіянізму, а не з крыварукасці. Прынамсі, у тое хочацца верыць, калі разглядаеш дэталёва намаляваныя інтэр’еры і дасціпна падабранае адзенне персанажаў.

Вынік здзіўляе: ужо праз паўгадзіны гульні знаходзіш сябе нібы ў тым свеце, адчуваеш, што вярнуўся ў некалі родны горад.

Вядома, не ў сваё дзяцінства — ды нічога, са з’яўленнем дронаў, сэлфі і Facebook мала чаго змянілася.

Першы эпізод старанна знаёміць гульца са светам. Праз таямнічую здольнасць кіраваць часам і загадкавае знікненне дзяўчыны раскрываецца клубок інтрыг жыхароў Аркадыі — ад гульняў звычайна чакаеш адваротнага.

Сама здольнасць кіраваць часам не новая для відэагульняў, але ў Life is Strange выконвае новую ролю. Найперш яна раскрывае сюжэт — гульня няшмат бы страціла без кіравання той здольнасцю. Па-другое, яна замяняе механізм захавання-загрузкі, што дазваляе даведацца новыя факты для дыялогаў альбо пераспрабаваць усе магчымыя завяршэнні дыялогаў.

Першы эпізод можна прайсці за гадзіну, але ў ім «заліпаеш» прынамсі гадзіны на чатыры.

Не толькі каб паспрабаваць кожную галіну ў дрэве дыялогу ці каб паглядзець на кожную аб’яву аб зніклай у пошуку ўлік. Каб паглядзець, як Макс грае на гітары ці гушкаецца на арэлях, каб разглядзець адмыслова размазаныя карціны на сценах ці надпісы на майках тутэйшай моладзі.

Life is Strange пагружае ў альтэрнатыўную рэальнасць лепей за шлем Oculus Rift.

Ды пусцяць у яе ненадоўга — не спадзявайцеся, што па завяршэнні першага эпізоду раскрыецца хоць адна загадка, гэта нават не падобна да завяршэння завязкі.

Апраўданне скарацечнасці гісторыі — нізкая цана ў 3 даляры на Steam, таней за квіток у кіно ў Мінску. Папярэдняя замова ўсіх 5 эпізодаў, што будуць выходзіць штомесяц да лета, — 12,6 даляраў. Пакуль, праўда, прыйдзецца абысціся без перакладу — ёсць толькі англійская і французская версіі (у англійскай рух вуснаў не сінхранізаваны з тэкстам).

Але Life is Strange нельга прапусціць, калі:

  • Вы хіпстар.
  • Вы не ведаеце, хто такія хіпстары.
  • Вы любіце «Твін Пікс» альбо Heavy Rain, Alan Wake ці Fahrenheit.
  • Вы «западаеце» на віртуальных дзяўчын.
  • Вы хочаце паспрабаваць нешта, што, магчыма, абагнала свой час на паўдзясятка год.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?