У снежні ў інтэрнэце з’явілася відэа, на якім малады чалавек у форме расказаў, як ён адправіўся з Беларусі ваяваць на баку сепаратыстаў.
«Дзякуючы вопыту, які мне даў мой камандзір, старшы лейтэнант Уладзімір Карачун (служыў я ў 5-й брыгадзе спецыяльнага прызначэння горада Мар’іна Горка — не хаваю)», — заявіў тады хлопец.
«Наша Ніва» знайшла гэтага спецназаўца і пагаварыла з ім. Яго імя — Сяргей. Яму 23 гады. Ваюе ў падраздзяленні Матаролы (палявы камандзір ДНР Арсен Паўлаў). Нядаўна ён ажаніўся ў Данецку з 18-гадовай Дар’яй.
«НН«: Не страшна было пад бамбёжкамі жаніцца?
— А гэта рамантычна, ха-ха. Не, браце, не страшна.
Фота з сацыяльных сетак.
«НН»: На фотаздымках бачыў тваю жонку ў вайсковай форме. Таксама ваюе?
— Так, ваюе пад маім кіраўніцтвам. Я яе камандзір узвода.
«НН»: Даўно ў Данецку?
— З чэрвеня.
«НН»: Што падштурхнула ехаць?
— Ну а ты як думаеш? Канечне, смерць дзяцей і матак, бабуль і дзядуль. Зачапіла надта моцна.
«НН»: Ты служыў у Мар’інай Горцы. Нехта са спецназаўцаў з табой паехаў у Данецк? Беларусаў там шмат?
— Ты як КДБ. Ніхто са мной не паехаў — я адзін.
У нас толькі я і яшчэ адзін таварыш па службе: хто і што, не магу сказаць. А ў цэлым беларусаў у ДНР адзінкі.
«НН»: З былымі таварышамі па службе падтрымліваеш кантакты? Як яны адносяцца да твайго ўчынку?
— Падтрымліваю сувязі.
Нехта кажа: «Уважуха, брат». А іншыя: «Поскудзь ёб…я, хутчэй бы ты здох».
Што тут скажаш: дэградуюць прыдуркі — менш трэба ў інтэрнэце сядзець.
Фота з сацыяльных сетак.
«НН»: Ведаеш, што КДБ адсочвае тых, хто ваюе ва Украіне? Да тваіх родных звярталіся?
— Я ў курсе, але не звярталіся.
Бацькі і не ведалі, што я паехаў. Даведаліся толькі ў лістападзе. І што ўжо зробіш, калі я тут.
«НН»: Але разумееш, што ў Беларусі цябе могуць арыштаваць за наёмніцтва?
— Ведаю і разумею. Бацька зменіць законы. У будучым, вось паглядзіш.
«НН»: Думаеш вяртацца?
— Неа.
«НН»: Грамадзянства расійскае даюць?
— Ніхто нічога не дае. І тым больш расійскае — ДНР яшчэ мо і можна зрабіць, але не расійскае.
Фота з сацыяльных сетак.
«НН»: У цябе раненні былі?
— Так, 3 раненні (два кулявыя і адно асколачнае) і 4 кантузіі. І цяпер я паранены — на бальнічным. Пры штурме новага тэрмінала ў аэрапорце параніла дзён 10 таму [размова была 28 студзеня].
«НН»: Ведаеш, што беларусы ваююць і на баку ўкраінцаў? Сутыкаўся з імі?
— Ведаю, і надта шмат такой поскудзі там. Так, сустракаўся, але больш яны ні з кім не сустрэнуцца, ха-ха.
«НН»: Забілі?
— Не важна.
Фота з сацыяльных сетак.
«НН»: На форме ў цябе ўзнагародны. За што?
— Баявыя.
«НН»: А канкрэтней?
— За баявыя — гэтага мала?
«НН»: Іншы беларус, які ваяваў на баку ДНР, сказаў, што грошы атрымлівае за службу.
— Ну калі ён атрымлівае, то сцяг яму ў рукі. Адкуль тут грошы? Ніхто нічога не атрымлівае.
«НН»: Кіеў заяўляе пра пераход расійскіх войскаў. Шмат расійскіх салдат сярод вас?
— Ха-ха, якія войскі. Калі б яны былі, то мы яшчэ ў ліпені святкавалі б дзень перамогі ў Кіеве.
«НН»: Доўга яшчэ пратрымаецеся, калі расійскія войскі не ўвойдуць?
— Дык яны нам і не патрэбныя. У нас усё цудоўна.
«НН»: Калі ў Данецк ехаў, разлічваў, колькі ўсё можа цягнуцца?
— Я ведаў і ведаю, што вайна будзе ісці доўга.
Фота з сацыяльных сетак.