Шаленства з даўніх часоў застаецца невылечнай смяротнай хваробай. У пакусанага шалёным зверам ёсць кароткае акно часу, каб звярнуцца па медычную дапамогу, перш чым вірус ўкараняецца ў цэнтральнай нервовай сістэме, робячы працэс незваротным.

Даследчыкі з Універсітэта Джорджыі тэстуюць на мышах новы метад лячэння, Які дазваляе адужаць хваробу нават пасля распаўсюджвання віруса ў мозг. Яны апублікавалі свае высновы ў the Journal of Virology. «Наша каманда распрацавала новую вакцыну, якая ратуе мышэй на значна пазнейшых стадыях хваробы ў параўнанні з тым, што раней лічылася магчымым», — дзеліцца вынікамі Biao He, прафесар кафедры інфекцыйных хвароб UGA College of Veterinary Medicine.

«У нашых эксперыментах мышы, жывёлы падвяргаліся ўздзеянню штаму віруса шаленства, што, як правіла, дасягае мозгу інфікаваных мышэй за тры дні. На шосты дзень мышы пачынаюць праяўляць відавочныя фізічныя сімптомы, якія паказваюць, што інфекцыя стала фатальнай.

Тым не менш, 50 адсоткаў мышэй, якія атрымлівалі новую вакцыну, выжылі, нават пасля пачатку фізічных сімптомаў на шосты дзень. Гэта лепшы з апісаных у літаратуры вынікаў. Магчыма, неўзабаве мы зможам сказаць, што намацалі першы крок у дапамозе людзям з клінічнымі праяўленнямі шаленства.»

Biao He і яго калегі распрацавалі сваю вакцыну, уставіўшы бялок ад віруса шаленства ў іншы вірус, вядомы як вірус парагрыпу 5 або PIV5, які атакуе верхнія дыхальныя шляхі ў сабак, але зусім бясшкодны для чалавека. PIV5 выступае ў якасці сродку дастаўкі, які нясе бялок шаленства да імуннай сістэмы, так што можа стварыць антыцелы, неабходныя для барацьбы з вірусам.

«Гэта толькі пачатак нашай працы», кажа Biao He. «У той час як гэтыя папярэднія вынікі вельмі цікавыя і самі па сабе, мы ўпэўненыя, што мы можам аб'яднаць гэтую новую вакцыну з іншымі метадамі лячэння, каб падвысіць узровень выжывальнасці жывёл, нават калі сімптомы з'яўляюцца сур’ёзнымі».

Нагадаем стадыі развіцця шаленства ў чалавека. Першы месяц – два пасля ўкуса (у залежнасці ад месца ўкуса ці аслінення – ад 12 дзён да нават 1 года, у сярэднім 1-3 месяца) чалавек пачуваецца параўнальна някепска. Прыкметай пачатку хваробы ёсць падвышэнне тэмпературы, слабасць, галаўны боль, якія напачатку могуць быць прыпісаныя іншай хваробе, болі па ходу нэрваў і дробныя сутаргі ў цягліцах паблізу ўкуса (вось гэта - кепскі знак, што вірус ідзе па ходу нерва). На 4-7 дзень пачынаюцца мазгавыя сімптомы: на фоне ліхаманкі (тэмпература пад 40) – трызненне і шалёнае ўзбуджэнне ў адказ на рэзкі гук, яркае святло. Галюцынацыі, сутаргі. Парэзы цягліц. Гэта і ёсць фатальныя прыкметы шаленства. Светлыя прамежкі робяцца карацейшымі, узмацняюцца парэзы, паралізуюцца рухі вокавых цягліц, парушаецца глытанне – гэта апошняя стадыя. Водабаязь (сутаргавыя скарачэнні цягліц пры спробе праглынуць ваду) і пена з роту – класічныя сімптомы. Смерць прыходзіць на 5-12 дзень хваробы ад паралюша дыхання.

Шалёны звер робіцца заразным за 10 дзён да першых прыкмет хваробы і застаецца заразным да смерці. Толькі калі вы назіралі звера не менш як 14 дзён пасля ўкуса і не выявілі ніякіх адхіленняў у ягоным стане – можна супакоіцца.

Але! Пры пакусах у твар ці галаву найлепей неадкладна звярнуцца па прышчэпку – спыніць курс прышчэпак можна і да заканчэння, калі жывёла па выніках назірання апынулася здаровай.

 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?