«Назірайце, але не гарачыцеся», — напісаў каментатарам у сваім Facebook вядомы ўкраінскі афіцэр-дэсантнік па мянушцы «Маршал», які восенню праславіўся ўдзелам у абароне Данецкага аэрапорта.

«Маршал» (у цэнтры) з сябрамі па зброі падчас абароны Данецкага аэрапорта, uainfo.org

«Маршал» (у цэнтры) з сябрамі па зброі падчас абароны Данецкага аэрапорта, uainfo.org

Калі на мінулым тыдні расійскія баевікі спрабавалі штурмам узяць Данецкі аэрапорт, сітуацыя на Данбасе рэзка абвастрылася, зноў пачаліся маштабныя баявыя дзеянні з масіраваным выкарыстаннем танкаў і артылерыі. Гэта выклікала буру эмоцый у карыстальнікаў інтэрнэту ва Украіне, рознага роду чуткі, а таксама абвінавачанні ў бок украінскага ваеннага кіраўніцтва.

«Аэрапорт, аэрапорт, аэрапорт!!! ААА… Выснова такая склалася, (калі) пачытаў. Калі кожны будзе тэлефанаваць свайму сябру, а той свайму, то інтэрнэт поўніцца нууу вельмі рознай інфармацыяй, і ўсе ў напружанні, а яшчэ адзін аднаго ветліва пасылаюць…», — піша афіцэр, які за баявыя заслугі месяц таму атрымаў ордэн Багдана Хмяльніцкага.

Агрэсія Расіі супраць Украіны, якая пачалася вясной 2014 года, прывяла да пачатку вайны, якая пры сваіх вялікіх маштабах і напружанасці характарызавалася адначасова нечуванай інфармацыйнай адкрытасцю з боку Украіны, дзе ў бой пайшла велізарная колькасць добраахвотнікаў, а кожную вайсковую частку дадаткова падтрымліваюць цывільныя валанцёры.

Многія цывільныя пішуць пра падзеі на фронце амаль штодзённа, а каментатары разносяць навіны па ўсім інтэрнэце.

«І вось, сядзіць баец у акопе, тэлефануе сябру, кажа, што ўсіх кінулі, а той у сваю чаргу налівае ў Фэйсбук вядро крыку… І так коооожны дзень. Як быццам ФБ — гэта лінія 911 на вайне, а ўсе чытачы са старту пачынаюць парафініць усіх камандзіраў і начальнікаў», — піша «Маршал».

«Маршал» нагадвае, што далягляд жаўнера, які знаходзіцца ў акопе, вельмі вузкі, таму не трэба рабіць далёкасягаючых высноў з таго, што на тым ці іншым адрэзку лініі фронту ўскладнілася сітуацыя.

Той, хто ніколі не сутыкаўся з вайной, нічога пра яе не ведае, адзначае афіцэр.

«На вайне заўсёды цяжка, заўсёды холадна, заўсёды горача, заўсёды нязручна, заўсёды страшна, заўсёды перамогі, заўсёды параза, заўсёды памылкі, заўсёды вопыт, заўсёды страты, заўсёды пакутуюць мірныя жыхары… Гэта не ў контрстрайк пагуляць», — піша аўтар, запэўніваючы чытачоў у тым, што ва ўкраінскай арміі шмат добрых камандзіраў, якія турбуюцца пра сваіх падначаленых.

Фронт вялікі, страты нясуць усе, прайграныя баі былі і будуць, але гэта не значыць, што вайна будзе прайграная, заключае «Маршал».

«А то, гледзячы па ФБ, мы вайну прайгралі, а гэта далёка не так», — дадае ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?