На першай сесіі міжурадавых перагавораў ААН, якая праходзіць 19-21 студзеня ў Нью-Ёрку і прысвечана распрацоўцы новага парадку дня развіцця на перыяд пасля 2015 года, Беларусь заявіла аб неабходнасці адлюстраваць у падагульняючых дакументах саміту арганізацыі падтрымку сямейных каштоўнасцей і ролю сям'і ў працэсе агульнасусветнага развіцця.

Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.

«У сесіі прымае ўдзел беларуская дэлегацыя пад кіраўніцтвам намесніка міністра замежных спраў Валянціна Рыбакова. Прадстаўнік Беларусі выступіў у ходзе сесіі ад імя краін групы сяброў сям'і ў Нью-Ёрку. У звароце адзначаецца, што сям'я з'яўляецца істотным фактарам агульнасусветнага ўстойлівага развіцця і мае патрэбу ў эфектыўных мерах падтрымкі з боку грамадства і дзяржавы. Краіны, якія ўваходзяць у групу сяброў сям'і, лічаць неабходным адлюстраваць у падагульняючых дакументах саміту ААН падтрымку сямейных каштоўнасцей і ролю сям'і ў працэсе развіцця», — расказалі ў прэс-службе ведамства.

У МЗС растлумачылі, што прапанову аб сумеснай заяве зацікаўленых краін Беларусь зрабіла ў час праведзенай у снежні 2014 года нарады ў ААН па пытаннях абароны інтарэсаў і каштоўнасцей традыцыйнай сям'і. Да звароту далучыліся 18 краін: Аман, Бангладэш, Беларусь, Егіпет, Емен, Зімбабвэ, Інданезія, Іран, Катар, Кувейт, Лівія, Малайзія, Нігерыя, Пакістан, Расія, Самалі, Саудаўская Аравія і Туркменістан. Гэта выступленне стала першым у гісторыі зваротам новастворанай групы сяброў сям'і ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку.

У беларускім знешнепалітычным ведамстве таксама расказалі, што 20 студзеня намеснік міністра замежных спраў Беларусі Валянцін Рыбакоў сустрэўся са старшынёй Генеральнай Асамблеі ААН Сэмам Кутэса. Бакі абмеркавалі пытанні падрыхтоўкі да саміту ААН у верасні 2015 года, на якім будзе зацверджаны парадак дня ўстойлівага развіцця на перыяд пасля 2015 года.

Субяседнікі таксама спыніліся на пытаннях ажыўлення дзейнасці Генеральнай Асамблеі ААН і ўкладу Беларусі ў калектыўныя намаганні дзяржаў — сяброў ААН па ўмацаванні ролі і паўнамоцтваў адзінага ўніверсальнага па сваім складзе галоўнага органа ААН.

Беларускі дыпламат таксама звярнуў увагу кіраўніка Генеральнай Асамблеі ААН на неабходнасць належнай арганізацыі ў Нью-Ёрку памятных мерапрыемстваў у сувязі з 70-годдзем заканчэння Другой сусветнай вайны і заснавання ААН. Валянцін Рыбакоў падкрэсліў выключную ролю старшыні ГА ААН у гэтым працэсе і заклікаў яго актыўна падтрымаць адпаведныя ініцыятывы дзяржаў — сяброўААН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?