Сітуацыя з наяўнасцю замежнай валюты ў абменных пунктах паступова паляпшаецца. Гэта вынікае з адказаў Нацбанка на пытанні СМІ, апублікаваных на сайце ведамства. 

«Цяпер прапанова валюты банкамі на наяўным сегменце рынку павялічваецца. Па меры адаптацыі банкаў да ўмоў новага механізму курсаўтварэння і замацавання станоўчых тэндэнцый на валютным і дэпазітным рынках гэтыя пытанні будуць знятыя», — адзначае Нацбанк. 

На пытанне, ці не разглядаецца ў перспектыве адыход ад рэкамендацыі па фарміраванні курсу (плюс-мінус 2% да афіцыйнага) ці пашырэнне гэтага калідора, Нацбанк адказаў: «Задавальненне любой цаной ажыятажнага попыту насельніцтва на замежную валюту неапраўданае. Таму банкі ў перыяд высокіх спекулятыўных чаканняў прадавалі валюту ў межах яе куплі». Рэкамендацыі па фарміраванні курсу плюс-мінус 2% захаваюцца, «бо яны адпавядаюць міжнароднай практыцы», сцвярджае Нацбанк. 

Трэба зазначыць, што цяпер на наяўным рынку па-ранейшаму адзначаецца дэфіцыт замежнай валюты. Большасць абменных пунктаў прадаюць толькі тую валюту, якую прыносіць насельніцтва. 

У каментары БелаПАН былы кіраўнік Нацбанка Станіслаў Багданкевіч выказаў меркаванне, што фінансавыя ўлады абмяжоўваюць продаж замежнай валюты з-за высокіх дэвальвацыйных чаканняў насельніцтва.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна