Рэйтынгавае агенцтва Moody's знізіла крэдытны рэйтынг Расіі да Ваа3 з Ваа2 і папярэдзіла інвестараў пра магчымасць далейшага зніжэння, гаворыцца ў паведамленні на сайце арганізацыі.

Зніжэнне курса рубля і слабасць нафты падрываюць і так небліскучыя перспектывы эканамічнага росту РФ, піша агенцтва.

Ваа3 — апошні з рэйтынгаў інвестыцыйнага ўзроўню (ад Ааа да Ваа3) і вызначаецца як «маючы асобныя спекулятыўныя элементы і сярэднюю крэдытную рызыку». Аблігацыі, рэйтынгі якіх пачынаюцца з Ва1, называюцца «спекулятыўнымі» ці «смеццевымі аблігацыямі».

Праблемы расійскай нафтазалежнай эканомікі і расійская ваенная інтэрвенцыя супраць Украіны моцна ўдарылі па рублі і надзейнасці дзяржаўнага доўга. У сваю чаргу гэта робіць вельмі дарагімі для РФ і расійскіх карпарацый спробы атрымаць дадатковыя сродкі ад замежных банкаў і інвестараў.

«Узровень смецця вельмі моцна паўплывае на расійскі карпаратыўны доўг. Іранічна, што многія дзяржаўныя кампаніі ўжо знаходзяцца пад санкцыямі і адрэзаныя ад замежных рынкаў, таму яны ў любым выпадку не змогуць рэфінансаваць свае пазыкі», — адзначыў партнёр амерыканскай інвесткампаніі Firebird Management LLC Ян Хаг у каментарыі агенцтву Bloomberg. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?