Так, па стане на 1 студзеня 2015 года ў краіне налічвалася 2 млн. 464,1 тыс. галоў свіней, за мінулы год іх пагалоўе знізілася на 10,8%. 

Кіраўнік дзяржавы, нагадаем, патрабаваў ад урада да канца 2014 года аднавіць пагалоўе свіней на ўзроўні, які быў да ўзнікнення ў краіне АЧС (афрыканскай чумы свіней). «Што за праблема? Гэта ж не быка вырасціць, што яму трэба 18 месяцаў, гэта на працягу года можна аднавіць пагалоўе. І мы пра гэта дамовіліся», — сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да членаў урада ў маі мінулага года падчас паездкі ў Смалявіцкі раён. 

Летам кіраўнікі Мінсельгасхарчу заяўлялі, што даручэнне прэзідэнта па аднаўленні пагалоўя свіней да канца года павінна быць выканана.

«Зараз у нас ёсць даручэнне прэзідэнта аднавіць пагалоўе свіней, і мы з гэтай задачай справімся. Да 2015 года мы павінны выйсці на леташняе пагалоўе свіней», — казаў у чэрвені намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Васіль Седзін. 

Варта зазначыць, што першае сёлета пасяджэнне прэзідыума Савета міністраў было прысвечана менавіта праблемам свінагадоўчай галіны і праходзіла з удзелам новага прэм'ер-міністра Андрэя Кабякова. «Па выніках пасяджэння Мінсельгасхарчу даручана забяспечыць штотыднёвы кантроль за выкананнем аблвыканкамамі зацверджаных планаў па аднаўленні аб'ёмаў вытворчасці свініны», — паведаміла прэс-служба ўрада. 

Успышкі АЧС былі зафіксаваныя ў Беларусі ў 2013 годзе. Барацьба ўладаў з эпідэміяй прывяла да значнага скарачэння пагалоўя жывёлы ў другой палове 2013 года. З-за недахопу свініны на ўнутраным рынку цэны на мяса значна выраслі: за 2014 год свініна на ўнутраным рынку падаражэла на 59,7%. 

Да выяўлення АЧС пагалоўе свіней у Беларусі складала 3,3 млн. галоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?