У Індыі арыштавалі мужчыну, які жыўцом закапаў сваё дзіця, таму што яно было дзяўчынкай, піша The Mirror. Абдул Хусэйн звязаў малую, заклеіў рот і закапаў у зямлю, пакуль яго жонкі не было дома.
khabar.ndtv.com
Арыштаваны за спробу пахаваць жывую дачку прызнаўся, што зрабіў гэта таму, што яна была жаночага полу.
Паводле інфармацыі паліцыі, шакавальны інцыдэнт адбыўся ў горадзе Трыпуры. Абдул Хусэйн выкапаў яму ў сваім садзе за домам, і, пакуль яго жонка адсутнічала, пасадзіў у гэтую яму сваю малалетнюю дачку, якую папярэдне пераматаў скотчам.
Ён закапаў дзяўчынку амаль па грудзі, але тут дадому вярнулася яго жонка. Жанчына здзівілася, што дзіцяці няма дома, і пачала шукаць дзяўчынку. Каб маці нічога не заўважыла, бацька накінуў на галаву і рукі малой бамбукавы кошык, паколькі меў намер крыху пазней завяршыць сваю расправу над дачкой і цалкам закапаць яе ў зямлю.
Аднак жонка Абдула пачала моцна перажываць з-за таго, што не магла знайсці дачку. Малую неўзабаве знайшлі суседзі. Яны разам з маці дзяўчынкі збілі бацьку, не чакаючы прыезду паліцыі.
Праваахоўнікі арыштавалі Абдула за замах на забойства дзіцяці, і цяпер яго чакае суд.