Інцыдэнт на сталічнай вуліцы Мірашнічэнкі ў мікрараёне Зялёны Луг, дзе на парэнчах балкона дома № 6 знаходзіўся малады чалавек, які пагражаў саскочыць уніз з дзявятага паверха, завяршыўся добра. Прадстаўнікі экстранных службаў угаварылі хлопца не здзяйсняць суіцыд.

Не выключана, што спроба саскочыць з балкона была не адзінай спробай суіцыду: запясці ў хлопца, якога перадалі медыкам, былі пераматаныя акрываўленымі імправізаванымі бінтамі.

Раней адзін з супрацоўнікаў міліцыі паведаміў, што малады чалавек збіраецца скончыць жыццё самагубствам «з-за праблем з дзяўчынай».

Як паведаміла журналістам відавочца здарэння Юлія, яна выносіла смецце і пачула, што на агульным балконе хтосьці знаходзіцца. Дзяўчына папрасіла свайго маладога чалавека, Дзмітрыя, выйсці і праверыць, хто на балконе. Па словах апошняга, ён выйшаў на балкон і ўбачыў хлопца, які сядзеў на парэнчах. Дзмітрый заўважыў, што «малады чалавек быў відавочна ў неадэкваце». Пасля гэтага ён патэлефанаваў у МНС. Прыбылі прадстаўнікі экстранных службаў, якія пачалі перамовы з чалавекам, што збіраўся скокнуць уніз. Пры гэтым Дзмітрый заставаўся з ім побач, паколькі, паводле яго слоў, хлопец «яму давяраў, прасіў у яго вады і закурыць». Як сказаў Дзмітрый, малады чалавек «жыве недзе ў суседніх дамах».

Адзін з медыкаў паведаміў, што хлопца пасля аказання яму неабходнай медыцынскай дапамогі даставяць на агляд да псіхіятраў.

Не выключана таксама, што пасля неабходных працэдур хлопцу могуць выставіць рахунак за працу экстранных службаў, а таксама прызначыць адміністрацыйнае пакаранне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?