Мінчук затрымаў злачынца па слядах на снезе. Пра гэта гаворыцца на афіцыйным сайце Следчага камітэта Беларусі.
bigpicture.ru
У Мінску, у ноч на 11 студзеня, напалі на жанчыну, калі яна ўвайшла ў свой пад'езд. Зламыснік, ужыўшы гвалт, cкраў сумачку і ўцёк.
Пацярпелая па дамафоне паклікала мужа, паведаміла аб тым, што здарылася, і падрабязна апісала рабаўніка. Муж вырашыў не губляць часу і па слядах, якія пакінуў уцякач на свежым снезе, накіраваўся за ім. Ён дагнаў зламысніка праз некалькі хвілін, пазнаўшы яго па апісанні жонкі, затрымаў і даставіў у будынак паліклінікі, які знаходзіцца паблізу, дзе папрасіў вартаўніка выклікаць міліцыю.
Супрацоўнікі органаў унутраных спраў пры асабістым даглядзе знайшлі ў затрыманага мабільны тэлефон і грошы пацярпелай. Апошні не стаў адмаўляць факт здзяйснення злачынства і паведаміў, што сумачку выкінуў па дарозе.
Затрыманаму прад'яўленае абвінавачванне ў здзяйсненні разбойнага нападу. Пракуратурай раёна санкцыянавана прымяненне да яго меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.
Ён раней неаднаразова судзімы за злачынствы супраць палавой недатыкальнасці і рабаванні. У красавіку мінулага года вызваліўся з-за кратаў, працаваў на вытворчасці мэблі ў прыватным прадпрыемстве. У выніку сумесных мерапрыемстваў, праведзеных супрацоўнікамі следчых падраздзяленняў і органаў унутраных спраў, выяўлена дачыненне абвінавачанага да здзяйснення яшчэ некалькіх злачынстваў у іншых раёнах сталіцы. Гэта крадзяжы маёмасці ў жанчын, у тым ліку тыя, што суправаджаліся гвалтоўнымі дзеяннямі.
Актыўная жыццёвая пазіцыя мужа пацярпелай, яго нецярпімасць да супрацьпраўных паводзін і рашучыя дзеянні, накіраваныя на спыненне правапарушэння, з'яўляюцца дастойным прыкладам выканання грамадзянскага абавязку. Кіраўніцтва Савецкага (г.Мінска) РАСК запрасіла мужчыну для аб'явы яму падзякі за садзейнічанне ў раскрыцці злачынстваў у прысутнасці асабовага складу падраздзялення.





