Адметнасць вайны, што абвешчаная стралянінай у французскім часопісе Сharlie Hebdo, — не ў тым, што гэта цывілізацыйнае супрацьстаянне ісламскага і хрысціянскага свету, як сцвярджаецца, напрыклад, тут. Калі б гэта было так, мы, еўрапейцы, мелі б хоць які шанец.

Большасць каментатараў не заўважае простай і страшнай праўды: мы даўно ўжо страцілі здольнасць весці палеміку пра Бога. Адным смешна, другім «не научна», для трэціх адзінае, пра што варта спрачацца, — гэта трансгендар і правы меншасцяў. Пакуль ісламскія фундаменталісты забіваюць у імя Алаха, мы кажам — не, не пра хрысціянскую міласэрнасць, не пра дараванне, а пра дэмакратычныя каштоўнасці і талерантнасць. Вось класічны выпадак таго, як гэтае пытанне ўспрымаецца сучасным лібералам: аўтар выбудоўвае развагі вакол таго, ці варта нам саступаць у плане карыкатур на прарока, не разумеючы, што нікога ў арабскім свеце пытанне правоў чалавека і свабоды СМІ ў нашым, еўрапейскім яго прачытанні проста не цікавіць.

Працягвайце маляваць карыкатуры — мы працягнем вас забіваць.

Довады і логіка — атрыбуты нашай старой і стомленай культуры. Тая культура — ірацыянальная, яна фундуецца не логікай, а містычнымі інтуіцыямі. Хочаце хаця б паспрабаваць зразумець, пра што я кажу, — паслухайце ўважліва Мусліма Гаўза ці хаця б проста пачытайце пра ягонае жыццё, смерць і светапогляд.

Яны вядуць джыхад — кожны па-свойму (бо джыхад можа палягаць у чытанні кніг і выкараненні цемрашальства), мы ж крычым пра тое, што «талерантнасці і мультыкультуралізму кінуты чарговы выклік». Камон, ачомайцеся, які мультыкультуралізм? Думаеце, воін святла, націскаючы на кнопку выбухоўкі, думае пра гэты ваш мультыкультуралізм?

Мы спрабуем перамагчы іслам з дапамогай лагічнага апарату еўрапеізаванага навуковага атэізму, супакойваючы сябе тым, што еўрапейская цывілізацыя нібыта ўсё яшчэ трымаецца на хрысціянскіх каштоўнасцях.

Пры тым, што большасць заходніх прыхаджан ставіцца да Калядаў як да нагоды для шопінгу, а касцёл успрымае выключна ў кантэксце педафіліі і сэксуальных скандалаў (абавязкова паглядзіце гэта), у той час як на нашых прамёрзлых тэрыторыях вера насельніцтва ў царкоўныя інстытуты падарваная «гісторыяй з гадзіннікам». Па псіхалагічную дапамогу мы ідзём у аптэку, liquor store ці да псіхааналітыка. Нашыя сапраўдныя святары і духоўнікі — Prozac, single malt ды Boss Hugo — астатняму мы проста не верым.

Што цікава, і той свет, прасякнуты містычнай духоўнасцю, мы вымяраем з пазіцый уласнай атэістычнай сапсаванасці. Вось тут Анатоль Ульянаў сцвярджае, што Бог састарэў і не пасуе сучаснасці, што людзей, якія вераць, што на аблоках жыве магічны чалавечак, трэба ізаляваць, як і любых небяспечных псіхаў. Але Ульянаў феерычна памыляецца, бо ў той час, як ён рассякае па Амерыцы,

фундаменталізм робіцца хіба што не асновай сучаснага чалавечага светапогляду, які пануе ў тым Новым Сярэднявеччы, якое паглынае нас разам з нашымі планшэцікамі, айфончыкамі і электрамабільчыкамі.

Хочаце моцна спужацца — прачытайце вось гэта. Уважліва паглядзіце на тэрыторыю, якую кантралюе гэтая новаствораная дзяржава, ідэнтычнасць якой трымаецца толькі на адным — на рэлігіі, якую яны вызнаюць. Заўважым, што непасрэдна перад стралянінай у Сharlie Hebdo часопіс наважыўся пасмяяцца з лідара ISIL — так што яшчэ пытанне, за што загінулі журналісты — за прарока ці за ягонага слугу (у братоў Куашы не запытаешся).

Абазнаныя людзі расказалі мне пра гэтую дзяржаву трохі болей, чым пра яе не кажуць па тэлебачанні. Яны захопліваюць гарады, адзін за адным, проста пасылаючы туды машыны з кулямётамі і гучнагаварыцелямі, па якіх транслюецца просты мэсідж: усе мужчыны ад гэтага моманту мабілізаваныя ў армію ISIL, не хочаш ваяваць — плаці водкуп золатам. Яны ўзнавілі рабства: дзяўчат у захопленых вёсках бяруць у палон і гандлююць імі як нявольніцамі.

Кажу, гэта новае сярэднявечча.

Пры гэтым яны кантралююць нафтавыя палі Ірака і Сірыі; на іх здабычу паспрабавалі накласці эмбарга, і тады яны пачалі зліваць нафту на чорны рынак па цане $20 за барэль — ім хапае, у іх бюджэт — некалькі мільярдаў, на іх працуюць найлепшыя фінансісты і прапагандысты свету. Паглядзіце, на якім высокім мастацкім узроўні зробленыя іх відосы і які файны оксфардскі англійскі ў дыктараў, якія матывуюць адсячэнне галоваў. Да іх арміі кожны месяц далучаецца тысяча заходніх спецыялістаў, прычым — што падкрэсліваецца — не ў якасці наёмнікаў, а ў якасці валанцёраў.

Ніхто не ведае, адкуль яны ўзяліся (у мяне асабіста ёсць адчуванне, што на першым этапе гэтых марозаў моцна фінансавала адна вялікая заходняя краіна, якая хацела такім чынам аслабіць Асада), але іх аднолькава баяцца і ў Ватыкане, і ў Маскве, якой ISIL паспеў абвесціць нешта кшталту вайны за Чачню (а Кадыраў абяцаў абараняць Расію разам з сяброўскім чачэнскім народам).

І вы кажаце, што Бог — анахранізм? Бог — не сучасны?

Прычым не варта думаць, што фундаменталізм уласцівы выключна ісламу — напрыклад, вось тут  аўтар рускай «Камсамолкі» расказвае, як у Лівіі яго не забілі радыкальныя ісламісты толькі таму, што ён дастаў іконку з 90-м псалмом і пачаў гучна маліцца праваслаўнаму Богу. Чытаючы расійскую рэакцыю на выпадак Сharlie Hebdo, не можаш пазбавіцца адчування, што свой фундаменталізм паўстае і тут — як рэакцыя на еўрапейскія санкцыі, як жаданне супрацьпаставіць сябе свету.

Але дыскусія тут зноў разгортваецца на ўзроўні атэістычнай логікі, праваслаўе выкарыстоўваецца не як вера, а як інстытут, як прылада для разваг, хто тут гей, а хто не (гл. заўвагі пра «аскаціньванне» еўрапейцаў ва ўжо згаданай публікацыі «Камсамолкі»).

І зразумела, што кожны тут вырашае сваю задачу: рускія патрыёты прагінаюцца перад Пуціным, французскія правыя намагаюцца выціснуць з гісторыі Сharlie Hebdo максімум электаральнай падтрымкі. Іслам, у сваю чаргу знаходзіцца, прыкладна на той жа ступені актыўнага развіцця, на якой каталіцызм быў хіба што падчас крыжовых паходаў.

Уся нашая цывілізацыя, якую мы прызвычаіліся называць «хрысціянскай» і якая насамрэч з’яўляецца атэістычнай, на тле актыўнага, жывога ісламу цярпіць цяпер цывілізацыйную паразу.

Я не заклікаю ваяваць, я заклікаю верыць у Бога.

Ці хаця б проста вызначацца, дзе ён, той наш хрысціянскі Бог: у шопінгу, на мітынгу ў падтрымку свабоды слова ды мультыкультуралізму, у віннай краме ці кабінеце псіхааналітыка.

label.reaction.like
0
label.reaction.facepalm
0
label.reaction.smile
0
label.reaction.omg
0
label.reaction.sad
0
label.reaction.anger
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?