У Мінску 1 сакавіка на 15% павялічыцца стаўка адзінага падатку для фізічных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, паведаміла на прэс-канферэнцыі 14 студзеня першы намеснік начальніка сталічнай інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Надзея Болдырава. 

«Стаўка павялічваецца ў залежнасці ад віду дзейнасці, дзесьці больш, дзесьці менш, але ў сярэднім на 15%», — адзначыла яна. 

Болдырава нагадала, што для фізічных асоб 1 студзеня 2015 года вырасла стаўка падаходнага падатку з 12 да 13%. На 15—20% павялічаны збор з кватэраздатчыкаў на доўгі тэрмін. Яна таксама нагадала, што фізічныя асобы, абавязаныя падаваць дэкларацыі, павінны да 1 сакавіка падаць дэкларацыю аб даходах за 2014 год і да 15 сакавіка заплаціць падаходны падатак. 

«У цэлым падатковыя органы імкнуцца захаваць стабільнасць у падатковым заканадаўстве, каб не было шарахання ў працы таго ж бухгалтара. Каб работнікам прадпрыемстваў было лёгка выконваць падатковае заканадаўства, не ўдаючыся ў падрабязнасці. Гэтая стабільнасць і назіраецца ў прынцыпе, а змены маюць хутчэй карэктавальны характар», — лічыць Болдырава. 

Яна адзначыла, што згодна са зменамі ў Падатковы кодэкс, што набылі моц 1 студзеня, уведзеная льгота па ПДК для фінансавання набыцця грамадзянамі прадметаў доўгага карыстання ў лізінг. У межах ЕАЭС прынятае рашэнне аб электронным дэклараванні ПДК для імпарцёраў.

Мясцовым органам дазволена пры збіранні падатку на нерухомасць павялічваць каэфіцыент з 2 да 2,5. Для банкаў падатак на прыбытак павялічаны з 18 да 25%, дадала Болдырава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?