Трагедыя адбылася раніцай 10 студзеня каля вёскі Мількавічы. Кіроўца Kia Sportage ехаў з боку Навагрудка ў напрамку Ліды і ўрэзаўся ў Nissan. Ад удару пазадарожнік «Кія» выкінула на сустрэчную паласу, дзе аўто сутыкнулася з Volkswagen Golf. У «Фальксвагене» ехалі пяцёра чалавек. Двое загінулі адразу, яшчэ двое пазней. Сяргей перавозіў у той дзень на грузавіку прадукты з Баранавіч у Ліду. Ён стаў сведкам страшнай аварыі.

«Там пад’ём ідзе. На сярэдзіне пад’ёму мяне абагнала тая «Кія». Я яшчэ пра сябе адзначыў, што кіроўца для такіх дарожных умоў упэўнена ехаў: дарога была нячышчанай, усё белае — у снезе. А пасля пад’ёму пачынаецца плаўны доўгі спуск. І метраў за 300 наперадзе заўважыў, што «Кія» вільнула: зразумеў, што нешта здарылася. Уключыў аварыйку».

Сяргей пад’ехаў да машын, спыніўся.

У тым месцы, хоць і блізка да горада, адсутнічае мабільная сувязь. Давялося спыніць самазвал, што ехаў у Навагрудак, каб той выклікаў медыкаў.

«Я падбег да «Фальксвагена»: кіроўцу проста сплюшчыла. Такі дагледжаны мужчына, з кароткай стрыжкай, гладка паголены. Але не азываўся — мёртвы. Я тады адчыніў заднія правыя дзверцы: выйшла маладая дзяўчына. У яе быў твар пасечаны, у крыві. Яна маўчала. Абышоў і адчыніў заднія левыя дзверцы — выйшаў мужчына: у яго твар быў напухлы пасля ўдару».

Дваіх пасажыраў «Фальксвагена» пасадзілі на спадарожныя машыны да Навагрудка. Калі прыехалі медыкі, з задняга сядзення «немца» вылез яшчэ адзін мужчына. Ён сам лёг на насілкі, яго паклалі ў «хуткую». «А затым кажуць: «Ён памёр у машыне…» А ў інтэрнэце я прачытаў, што ў бальніцы памёр і другі мужчына. Адразу жывых было трое, цяпер толькі адзін».

Калі прыехалі ратавальнікі і зрэзалі дах у «Фальксвагене», побач з кіроўцам убачылі яшчэ аднаго загінулага мужчыну.

Кіроўца «Кіі» не пацярпеў. «У яго была толькі напухлая скула. Ён таксама ўвесь час маўчаў. Такі салідны мужчына. Гума на машыне ў яго была дарагая… Дарога была ніякая — усё белае. Краю нават не відаць. А пад снегам быў лёд. Амаль усе машыны ехалі па сярэдзіне дарогі: левымі коламі ехалі па цэнтры — практычна толькі тры каляіны».

Пазней высветлілася, што мужчыны з «Фальксвагена» былі кіроўцамі-прафесіяналамі: займаліся перавозкай небяспечных грузаў. І ў той дзень кіраваліся на курсы павышэння кваліфікацыі з Ліды ў Баранавічы.

У дачыненні да вадзіцеля Kia Sportage Следчым камітэтам распачата крымінальная справа за парушэнне ПДР, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чатырох асоб.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?