Сярод прысутных — кандыдаты ў рэктары ЕГУ Аляксандр Мілінкевіч, літовец Дарыюс Удрыс, Таццяна Шчытцова. Акрамя таго — выпускнікі і лектары ўніверсітэта.

Як адзначаюць амаль усе спікеры, праект беларускай ВНУ ў Еўропе сёння знаходзіцца ў глыбокім крызісе і патрабуе рэформаў.

Прыклад асноўных праблемаў трапна абазначыў былы студэнт ЕГУ Кірыл Атаманчык, абурыўшыся велізарным адміністрацыйным штатам і стратай часткай выкладчыкаў разумення мэты ўніверсітэта.

— Мы выжылі за гэтыя 10 гадоў, але не сталі паспяховымі, — сказала кандыдатка на пасаду рэктара Таццяна Шчытцова, — за гэты час універсітэт амаль згубіў кантакты з грамадскімі і культурніцкімі арганізацыямі ўнутры Беларусі, з незалежнымі СМІ.

Узгадваючы медыі, Таццяна Шчытцова ўскосна абвінаваціла журналістаў у інсінуацыях ды распаўсюдзе чутак. Пры гэтым яна падкрэсліла, што пры ўсіх цяжкасцях універсітэт не згубіў ідэнтычнасці: сёння 95% студэнтаў ЕГУ з’яўляюцца беларусамі, большасць выкладчыкаў — таксама.

Аляксандр Мілінкевіч у сваю чаргу параўнаў сябе з антыкрызісным менеджарам і зрабіў акцэнт на вызначэнні паняцця «беларускасць».

Паводле Мілінкевіча, ЕГУ павінен стаць базаю для яднання ўсіх беларускіх інтэлектуалаў, якія атрымалі еўрапейскую адукацыю, прадстаўляюць прафесійную каштоўнасць і маглі б працаваць на Беларусь і да таго, пакуль у краіне «адбудуцца палітычныя змены».

— Пры гэтым нельга рабіць з ЕГУ нейкае «беларускае гета» і падыгрываць беларускім уладам, ствараючы міф «апазіцыйнай» ВНУ. — сказаў Аляксандр Мілінкевіч. — Пры працаўладкаванні ўнутры дзяржавы на чалавеку не павінен стаяць цэтлік «апазіцыянера».

Падчас выступу Дарыюса Удрыса, узніклі нязручнасці — не ўсе прысутныя цалкам разумелі спікера, які не валодае ні беларускай, ні расійскай мовамі. Пры гэтым Удрыс адзначыў, што ён шакаваны сістэмай кіравання ў ЕГУ.

— Адныя кажуць — мы выдаткоўваем шмат грошай, іншыя кажуць — мы выдаткоўваем мала грошай. Нам патрэбны кансенсус і разуменне таго, што трэба рабіць далей. Але я годны менеджар, — запэўніў аўдыторыю Дарыюс.

Што да пытання захавання беларускасці ўніверсітэта, пазіцыя кандыдата-літоўца падалася не зусім зразумелай.

Агульны лейтматыў канферэнцыі — адчуванне патрэбы ў рэформах.

Удзельнікі не аднойчы канстатавалі тое, што ЕГУ пакрысе перастае працаваць на ўнутрыбеларускія патрэбы, ператвараючыся з беларускага ўніверсітэта ў Еўропе ў больш касмапалітычны праект. У дадатак да гэтага — слабы менеджмент і няспынныя скандалы, якія пераследуюць навучальную ўстанову з мінулага году.

Шляхі вырашэння абазначаных праблемаў бачацца ўсім кандыдатам ў рэктары па-рознаму, але ў адным яны салідарныя: пасля рэформаў ЕГУ мусіць прывабіць найбольш перспектыўную беларускую моладзь і стаць прытулкам для выкінутых з айчынных універсітэтаў выкладчыкаў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?