25 снежня Нараджэнне Хрыстова адзначылі каталікі, уніяты, пратэстанты і большасць праваслаўных цэркваў свету. Праваслаўныя беларусы Раство святкуюць 7 студзеня, бо Руская праваслаўная царква трымаецца юліянскага календара.

Вось ужо дзве тысячы гадоў хрысціяне штогод вітаюць прыход у свет Хрыста. Перад Раством людзі наводзяць чысціню ў душы і ў доме. Вернікі спавядаюцца, кожны чалавек наводзіць парадак удома.

6 студзеня, на Куццю, на змярканні ў кожным доме накрываюць стол, за якім збіраецца ўся сям’я.

Раство — свята сямейнае, не шумнае.

Святочны настрой і прыгожыя, шчырыя пажаданні дабра і шчасця ў перадсвяточны вечар спалучаныя з пастом. На стале традыцыйна ставяць чым больш страваў, але ўсё толькі толькі поснае.

Сярод страваў канечне мусіць быць каша. У старыну гэта была куцця — груца. Таму і вечар сталі называць «На Куццю».

За сталом раней заўжды пакідалі адно свабоднае месца на той выпадак, калі раптам з’явіцца нечаканы госць. Ці сам Хрыстос.

Жменя сена пад белым абрусам на святочным стале сімвалізуе яслі, у якіх спаў маленькі Ісус у Віфлееме.

Чытаюць урывак з Евангелля паводле святога Лукі, у якім апісваецца нараджэнне Ісуса ў Віфлееме.

Пасля вячэры ўсёй сям’ёй ідуць у царкву.

Пад калядную елачку кладуць падарункі.

Звычай прыбіраць цацкамі елку на свята Божага Нараджэння нарадзіўся ў Германіі, але яго так палюбілі дзеці і дарослыя, што ён вельмі хутка распаўсюдзіўся па ўсім свеце.

У Беларусі елкі пачалі ўпрыгожваць у ХVІІІ стагоддзі. Елка ставіцца ў нашых дамах у дзень, прысвечаны Адаму і Еве, і нагадвае нам пра райскае дрэва, а таксама пра дрэва жыцця.

Літургічны дзень у праваслаўным абрадзе пачынаецца ўвечары. Таму

вячэрня з Літургіяй святога Васіля Вялікага 6 студзеня — святочная.

На Літургіі чытаецца Евангелле ад Лукі пра нараджэнне Ісуса Хрыста і пакланенне пастухоў.

Цікава, што пратэстанты не надаюць першаснага значэння знешнім атрыбутам Раства. Так, напрыклад, хрысціяне веры евангельскай не ставяць у сваіх храмах елку, няма ў іх адмысловай вячэры наконадні Раства.

На Каляды вітаюцца «Хрыстос нарадзіўся!» А адказваць трэба «Яго славім!».

Увесь калядны перыяд — г.зн. два тыдні пасля Нараджэння Хрыстовага, або Раства, — гэта пара забаваў, калядавання. Гэтай парой спяваюць калядкі. Некаторыя з іх — сапраўдныя шэдэўры беларускай музыкі.

І хоць разнабой грыгарыянскага і юльянскага календароў, а таксама ўсеагульнае адзначэнне Новага года змяшала старыя традыцыі, з часам штосьці з іх захаваецца ў адроджаным ці перароджаным выглядзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?