Сёння ў 22.45 па мінскім часе барысаўскі БАТЭ выйдзе на поле стадыёна «Сан-Мамес», дзе будзе супрацьстаяць аднаму з легендарных клубаў з Іберыйскага паўвострава – «Атлетыку» з Більбаа.

Пакуль розныя эксперты і спецылісты гадаюць, што можа чакаць барысаўскую каманду ў гасцявым матчы і наколькі вялікія шансы на выхад нашых суайчыннікаў у плэй-оф Лігі Еўропы, мы лепей раскажам вам аб адной з самых цікавых каманд у сусветным футболе, якая ўжо многія гады з’яўляецца прыкладам нязломнасці і адстойвання сваіх прынцыпаў да канца.

Футбол у басконскай сталіцы – горадзе Більбаа — з’явіўся напрыканцы ХІХ стагоддзя. Завезлі гэтую заморскую гульню англійскія рабочыя і маракі, а таксама маладыя хлопцы, якія вярталіся з брытанскіх навучальных устаноў. Справа ў тым, што на той момант Більбаа з’яўляўся асноўным і найбуйнейшым портам у сэрцы самай прамысловай вобласці тагачаснай Іспаніі, туды цягнуліся мігранты з усіх краёў. Сярод іх былі і шахтары з паўночнага захаду Англіі, а таксама працаўнікі верфяў з Саутгемптана і Портсмута. У пачатку 1890-х гэтыя сур’ёзныя хлопцы сабраліся разам і сфарміравалі футбольны клуб «Більбаа».

А пачатак непасрэдна футбольнаму клубу «Атлетык» быў пакладзены тымі самымі студэнтамі – дзецьмі басконскай інтэлігенцыі, якія пасля заканчэння свайго навучання вярнуліся на радзіму з вялікай цікавасцю да гульні, што пабачылі ў Брытаніі. 18 ліпеня 1898 года студэнты з Гімназіі Самакоіс заснавалі «Клуб Атлетык» (Athletic Club — на англійскі манер). А ў 1901 годзе ў кавярні Гарсія адбыўся сход, на якім былі вызначаныя правілы і статут клубу. З-за гэтага нават цяпер здараюцца спрэчкі – ад якой даты адлічваць гісторыю клуба.

У 1902 годзе у гісторыі клуба здарыўся першы трафей – перамога ў самым першым розыгрышу Кубка Іспаніі па футболе. У фінале турніру была абыграная сама «Барселона». Хаця тая назва тады яшчэ не гучала так гучна і грозна, як цяпер. Варта адзначыць, што пераможцам быў не сам «Атлетык», а «Клуб Біская» – аб’яднанне дзвюх мясцовых каманд: «Атлетыка» і «Більбаа». Гэты поспех і паспрыяў таму, што ў 1903 годзе абодва клубы зліліся ў тое, што цяпер і называецца «Атлетык Більбаа».

«Атлетык» з першым Кубкам Іспаніі

«Атлетык» з першым Кубкам Іспаніі

У гэтым жа годзе пачалася «экспансія» басконскага клуба – 26 красавіка 1903 трыма студэнтамі з Більбаа, якія навучаліся ў Мадрыдзе, быў заснаваны клуб «Атлетык Мадрыд». Першапачаткова ён разглядаўся проста як філіял каманды з Більбаа, таму не ўдзельнічаў у спаборніцтвах. Але ў 1907 годзе адбылося аддзяленне, і мадрыдскі філіял стаў самастойным клубам, нават трошкі змяніўшы назву – гэта цяперашні чэмпіён Іспаніі «Атлетыка».

Гэтая два клубы аб’ядноўваюць не толькі агульныя карані і падобныя назвы, але і клубныя колеры, якія таксама з’яўляюцца прадметам спрэчак. Справа ў тым, што першапачаткова абедзве каманды апраналіся ў бела-блакітныя колеры, але ў 1910 годзе змянілі іх на бела-чырвоныя. Дакладна невядома, чаму адбылася такая змена, але існуе тры версіі. Згодна з першай, уплыў аказалі брытанскія рабочыя — заснавальнікі клубу, якія паходзілі з Саутгемптана і Сандэрленда: як вядома, клубы з гэтых гарадоў маюць менавіта бела-чырвоныя паласатыя футболкі. Другая версія кажа, што чалавек, якога адправілі ў Англію за камплектам бела-сініх футболак, іх проста не знайшоў, таму прывёз тыя, якія былі. Паводле трэцяй версіі, колеры былі абраныя менавіта з-за таннасці матэрыялу, бо тканіну падобнай расфарбоўкі масава выкарыстоўвалі пры вырабу матрацаў. Вось цяпер і называюць мадрыдскі «Атлетыка» «матраснікамі» (па-іспанску Los Colchoneros), бо яны першымі перайшлі на чырвона-белую афарбоўку.

Яшчэ адзін адметны момант наконт формы каманды з Більбаа заключаецца ў тым, што аж да 2008 года на футболках гульцоў не размяшчалася лагатыпаў спонсараў, пакуль «Атлетык» не падпісаў кантракт з нафтагазавай кампаніяй Petronor, якая размяшчаецца ў Краіне Баскаў.

І гэта далёка не самае яскравае праяўленне лакальнага патрыятызму «Атлетыка». Яшчэ з моманту свайго заснавання гэтая каманда стала сімвалам баскскага нацыяналізму. Клуб стаў асацыявацца з Басконскай нацыяналістычнай партыяй (БНП), заснаванай у 1895. Некаторыя з членаў БНП былі таксама членамі клуба «Атлетык». Самым галоўным прыкладам з’яўляецца Хасэ Антоніо Агірэ — футбаліст клуба ў 20-х гадах і сябра БНП, які ў 1936 стаў першым абраным басконскім прэзідэнтам.

Апошнія замежнікі пакінулі клуб у 1912 годзе, а пасля гэтага толькі баскі па крыві выступаюць у складзе бела-чырвоных. Гэта называецца палітыкай «кантэры» – сваёй футбольнай акадэміі, выпускнікі якой і складаюць падмурак футбольнага клуба. У той жа час любы баск можа гуляць за «Атлетык», нават калі ён не нарадзіўся ў Краіне Баскаў ці не выхоўваўся ў клубнай акадэміі (такім быў, напрыклад, французскі баск Біксант Лізаразю – адна з легенд не толькі іспанскага, але і сусветнага футболу). Выключэнні здараліся толькі падчас дыктатуры Франка, калі ўсе нацыяналістычныя настроі народаў, якія насяляюць Іберыйскі паўвостраў, бязлітасна душыліся. Клубу тады нават прыйшлося змяніць назву на іспанскае «Атлетыка» (замест арыгінальнага англійскага «Атлетык»), бо замежныя назвы апынуліся пад забаронай. Але гады жорсткай дыктатуры і прыцяснення басконцаў толькі загартавалі іх – пасля смерці Франка «Атлетык» вярнуўся да сваёй першапачатковай назвы і клубнай палітыкі.

Дарэчы, у мінулую суботу ў гісторыі клуба адбыўся даволі знакавы момант: у матчы супраць «Кардовы» ў асноўным складзе «Атлетыка» выйшаў другі за ўвесь час чарнаскуры футбаліст – Іньякі Уільямс. Акрамя басконскіх, ён таксама мае ганскія карані, але нарадзіўся і вырас ён менавіта ў Краіне Баскаў. Першым жа цемнаскурым футбалістам «Атлетыка» быў Хонас Рамальё (ангольска-басконскага паходжання), які выйшаў на поле яшчэ ў 2009 годзе, але так і не здолеў замацавацца ў асноўным складзе каманды.

Паміж заснаваннем клуба і сённяшнім матчам супраць барысаўскага БАТЭ ў гісторыю «Атлетыка» паспела ўціснуцца шмат знакавых падзей. Гэта і разгромная перамога над «Барселонай» у 1931 годзе з лікам 12:1, што стала самай буйной паразай у гісторыі каталонскага клуба. І апальнае становішча падчас дыктатуры Франка (хаця і ў той час баскі ўхітрыліся выйграць некалькі трафеяў). І 8 чэмпіёнстваў Іспаніі. І 24 перамогі ў Кубку Іспаніі. І шыкоўная гульня такіх зорак, як Тэльма Сара ці Айтар Каранка. І шмат яшчэ чаго цікавага. Напрыклад, «Атлетык» разам з мадрыдскім «Рэалам» і «Барселонай» уваходзіць у тройку іспанскіх клубаў, якія ні разу не пакідалі вышэйшы дывізіён Іспаніі – Прымеру.

Таксама цікавая гісторыя мянушкі клуба. Стадыён, на якім выступае «Атлетык», называецца «Сан-Мамес» у гонар царквы святога Маманта, што стаіць побач. Мамант Кесарыйскі (Кападакійскі) – хрысціянскі прапаведнік і вялікапакутнік, які быў забіты за распаўсюджванне хрысціянства каля 275 года н.э. Пасля зняволення ў цямніцы і доўгіх пакутаў яго вывялі на арэну – на з’ядзенне дзікім звярам. Але зверы не сталі яго есці, таму Маманта трызубцам забіў паганскі жрэц. Па легендзе, гэтымі звярамі на арэне былі львы. Таму цяпер «львамі» клічуць гульцоў і заўзятараў каманды з Більбаа.

Што цікава, фанаты «Атлетыка» прытрымліваюцца левых поглядаў у дачыненні да сацыяльнай сферы, але пры гэтым, зразумела ж, з’яўляюцца апантанымі басконскімі нацыяналістамі, якія прагнуць аддзялення ад Іспаніі і стварэння сваёй нацыянальнай дзяржавы. Зараз падобныя сепаратысцкія настроі маюць вялікую моц і падтрымку сярод насельніцтва Краіны Баскаў, асабліва пасля вынікаў апытання наконт незалежнасці ў суседняй Каталоніі, дзе значная большасць выказалася за аддзяленне рэгіёна ад Іспаніі. Таксама часам на трыбунах «Атлетыка» з’яўляліся расцяжкі ў падтрымку сепаратыстаў з Данбаса – магчыма, некаторыя баскі вырашылі падтрымліваць любы сепаратызм без залежнасці ад яго характару.

На фоне такой багатай гісторыі і каларытнай сучаснасці шлях барысаўскага БАТЭ здаецца ўсяго толькі дарогай даўжынёй у пару крокаў. Але ж не гістарычная спадчына гуляе ў футбол. Таму паглядзім, які запіс будзе сёння зроблены на старонцы гісторыі абедзвюх дружын: гэта будзе залежыць ужо толькі ад сённяшніх падзей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?