Славуты рэжысёр Эмір Кустурыца выпусціць дакументальную стужку «Апошні герой» пра «Эль Пэпэ», прэзідэнта Уругвая Хасэ Мухіку.

Фільм «Апошні герой» ствараецца па матывах інтэрв’ю Кустурыцы з Мухікам і закранае як палітычныя пытанні, сярод якіх легалізацыя марыхуаны ва Уругваі, так і асабістае жыццё Мухікі ды яго ўспаміны пра 14 гадоў у ваенных турмах.

Хасэ Мухіка быў абраны прэзідэнтам у 2009-м пасля некалькіх гадоў на пасадзе міністра сельскай гаспадаркі. Сваю палітычную кар’еру ён пачаў у канцы 1960-х у складзе леварадыкальнага руху Тупамарас.

Мухіка правёў у турмах сумарна 14 год, з якіх два — на дне яміны. Падчас адбыцця пакарання змяніў палітычныя погляды з леварадыкальных на прагматычныя, але ліберальныя і гуманістычныя.

Зараз прэзідэнт краіны жыве за горадам на ферме, дзе вырошчвае хрызантэмы, а самая дарагая яго маёмасць — стары «Фальксваген Жук». Амаль увесь свой заробак ён аддае на дабрачыннасць. Мухіка проста апранаецца, не цураецца сядзець у чарзе ў лякарні сярод іншых пацыентаў. Таксама ён вядомы як вегетарыянец і атэіст.

Мухіку называюць «самым бедным» і «самым чалавечным» прэзідэнтам. Ён пакіне свой пасаду 1 сакавіка 2015 года — паводле канстытуцыі Уругвая, адзін і той жа чалавек не можа абірацца два разы запар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?