Мінскі гарадскі ўніверсітэт трэцяга ўзросту аб'явіў аб наборы валанцёраў для працы выкладчыкамі.

Як паведамляюць арганізатары, для таго каб стаць валанцёрам, неабходна прыйсці на сустрэчу, якая адбудзецца 18 верасня ў 18.00 па адрасе: вул. Валгаградская, 21а. На сустрэчы валанцёры змогуць даведацца пра навучальныя праграмы курсаў, пазнаёміцца з куратарамі факультэтаў, узгадніць час для правядзення заняткаў, прапанаваць новыя навучальныя кірункі і задаць пытанні. 

Запіс слухачоў адукацыйных курсаў будзе праводзіцца ва ўніверсітэце 23 і 24 верасня з 9 да 17 гадзін па адрасе: вул. Валгаградская, 21а. Браць удзел у праекце могуць асобы, якім больш за 60 гадоў. Для запісу на курсы неабходна мець пры сабе пенсійнае пасведчанне і фатаграфію на дакументы.

Ва ўніверсітэце трэцяга ўзросту, які адкрыўся ў сталіцы летась, вядзецца навучанне пажылых людзей па трох асноўных кірунках — журналістыка, камп'ютарная адукацыя, замежныя мовы (англійская і нямецкая). Апрача таго, ва ўніверсітэце працуе факультэт дадатковай адукацыі, дзе можна азнаёміцца з асновамі псіхалогіі, заняцца краязнаўствам, паспрабаваць сябе ў ролі сацыяльнага работніка і іншай дзейнасці. Навучанне ва ўніверсітэце бясплатнае, а заняткі праводзяць студэнты-валанцёры. У мінулым навучальным годзе дыпломы аб заканчэнні ўніверсітэта атрымалі больш як 1.200 пенсіянераў.

Праект рэалізуецца Беларускай асацыяцыяй сацыяльных работнікаў пры падтрымцы міжнароднага грамадскага аб'яднання «Узаемаразуменне» ў межах праграмы па працы з пажылымі людзьмі «Месца сустрэчы — дыялог». Фінансавую падтрымку праекту аказвае фонд «Памяць, адказнасць, будучыня» і кампанія JTI.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?