Мінскія дамоўленасці маюць патрэбу ў няўхільным выкананні, заявіў 12 верасня ў Кіеве прэзідэнт Еўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу.

«Тым не менш яны яшчэ не гарантуюць дасягнення стабільнага міру, і мы сёння падрабязна абмяркоўвалі пытанне, як дасягнуць стабільнага палітычнага рашэння, якое б гарантавала мір пры поўнай павазе да суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны», — прыводзіць словы Барозу прэс-служба ўкраінскага прэзідэнта. Кіраўнік ЕК зазначыў, што палітычнае рашэнне павінна гарантаваць мір і стабільнасць, поўны кантроль над раззбраеннем і вывадам замежных войскаў.

«Еўрапейскі саюз і Еўрапейская камісія зробяць усё магчымае, каб дасягнуць мірнага ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне», — запэўніў Барозу.

«Мой візіт у Кіеў з'яўляецца сімвалам падтрымкі Украіны як незалежнай, суверэннай і недатыкальнай дзяржавы, — сказаў ён. — Першае паведамленне, якое я перадаў і прэзідэнту Парашэнку, і тут з дапамогай медыя перадаю ўсяму ўкраінскаму народу: мы з вамі. Мы падтрымліваем вас у гэты вельмі цяжкі час».

Пятро Парашэнка выказаў упэўненасць, што «альтэрнатывы мірнаму плану, спыненню агню не існуе». «Украіна заплаціла вельмі высокую цану за вайну, і сёння мы робім усё магчымае, каб не зламаць той крохкі працэс, які ідзе на ўсходзе Украіны, і мы спадзяемся ўтрымаць гэты мір», — заявіў прэзідэнт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?