У пятніцу на саміце НАТА ў Ньюпорце (Уэльс, Вялікабрытанія) было ўзгоднена рашэнне аб новым фармаце супрацоўніцтва з Грузіяй, які дапаможа ёй падрыхтавацца да сяброўства.
Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі генеральны сакратар альянсу Андэрс Фог Расмусэн.
«Мы ўзгаднілі пакет істотных мер для Грузіі. Ён дапаможа краіне дамагчыся прагрэсу ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў альянсе», — сказаў Расмусэн.
Разам з тым новы фармат не прадугледжвае членства як канчатковай мэты. Акрамя Грузіі, у ім бяруць удзел Іарданія, Швецыя, Фінляндыя і Аўстралія, якія не ставяць сваёй мэтай сяброўства.
Таксама паведамляецца, што НАТА запускае новы фармат супрацоўніцтва з усходнімі суседзямі — «план гатоўнасці да дзеянняў», і Грузія таксама будзе ў ім удзельнічаць.
«Удзел Грузіі ў новым фармаце дэманструе прызнанне таго прагрэсу, які быў дасягнуты ёю ў адносінах з НАТА, а таксама здольнасць грузінскай арміі супрацоўнічаць з альянсам», — адзначыў генеральны сакратар.
Расмусэн дадаў, што рашэнне НАТА павінна даслаць «моцны сігнал Расіі».
«Рашэнне, якое мы прынялі, дасылае вельмі важкі сігнал для Расіі. Я лічу, што гэта абсалютна адпавядае сітуацыі — трэба сігналізаваць Маскве аб нашай гатоўнасці да абароны інтарэсаў (альянсу) на Усходзе», — заявіў ён.
У той жа час вядома, што Тбілісі планаваў атрымаць большы ўзровень прызнання, і прасіў прыняць рашэнне аб прадастаўленні Грузіі Плана дзеянняў адносна сяброўства.
Кіраўнік МЗС Чэхіі Любамір Зааралек у пятніцу прызнаў, што такая магчымасць абмяркоўвалася, але ў НАТА не быў дасягнуты кансэнсус з гэтай нагоды. «Мне вельмі шкада, што кансэнсус не знойдзены. Бо Грузія — найбольш падрыхтаваная краіна сярод прэтэндэнтаў», — заявіў ён.





