Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка заяўляе, што дамоўленасці, дасягнутыя сёння на сустрэчы трохбаковай кантактнай групы ў Мінску, у прыватнасці, аб спыненні агню, грунтуюцца на яго мірным плане.
Такую заяву Парашэнка зрабіў ў Ньюпорце.
«Як вам вядома, у Мінску на трохбаковай кантактнай групе быў падпісаны пратакол адносна імплементацыі майго мірнага плана. У гэтым пратаколе ўказаны канкрэтныя практычныя крокі, якія пакладуць пачатак міру і стабільнасці ў Данецкім і Луганскім рэгіёнах з павагай суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці і незалежнасці Украіны. Цяпер гэта — ключавыя пытанні, аснова для пошуку мірнага вырашэння крызісу», — сказаў прэзідэнт.
Па словах Парашэнкі, важна, каб спыненне агню цягнулася доўга, і ў гэты час працягваўся палітычны дыялог, «які зможа прынесці мір і стабільнасць на Данбас».
«Таксама ёсць дарожная карта з канкрэтнымі датамі, калі будзе выкананы кожны з пунктаў, названых у пратаколе», — дадаў ён.
Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў, што гэты працэс грунтуецца на яго мірным плане, на «тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэце і незалежнасці маёй краіны».
Раней на саміце НАТА Парашэнка абвясціў 14 пунктаў свайго мірнага плану:
1. Гарантыі бяспекі для ўсіх удзельнікаў перамоваў.
2. Вызваленне ад крымінальнай адказнасці тых, хто склаў зброю і не здзейсніў цяжкіх злачынстваў.
3. Вызваленне закладнікаў.
4. Стварэнне 10 км буфернай зоны на ўкраінска-расійскай дзяржаўнай мяжы. Высвад незаконных узброеных фармаванняў.
5. Гарантаваны калідор для выхаду расійскіх і ўкраінскіх наймітаў.
6. Раззбраенне.
7. Стварэнне ў структуры МУС падраздзяленняў для ажыццяўлення сумеснага патрулявання.
8. Вызваленне адміністрацыйных будынкаў, якія незаконна ўтрымліваюцца у Данецкай і Луганскай абласцях.
9. Аднаўленне дзейнасці мясцовых органаў улады.
10. Аднаўленне цэнтральнага тэле-і радыёвяшчання ў Данецкай і Луганскай абласцях.
11. Дэцэнтралізацыя ўлады (шляхам абрання выканкамаў, абарона рускай мовы — праект змяненняў Канстытуцыі).
12. Узгадненне губернатараў да выбараў з прадстаўнікамі Данбаса (пры ўмове ўзгаднення адзінай кандыдатуры, пры рознагалоссях — рашэнне прымае прэзідэнт).
13. Датэрміновыя мясцовыя і парламенцкія выбары.
14. Праграма стварэння працоўных месцаў у рэгіёне.





