На святкаванні прыбылі Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, асістэнт Апостальскага візітатара для беларусаў замежжа айца Аляксандра Надсана айцец Сяргей Стасевіч (Лондан). Аляксадр Надсан па стане здароўя не змог прысутнічаць на ўрачыстасцях.

Урачыстасці пачаліся ўранку з асвячэння ў вёсцы Дзедзінка новых помнікаў, якія ўсталяваны на месцы пахавання бацькоў біскупа Чэслава Сіповіча. Пасля сустрэчы ўсіх ганаровых гасцей распачаўся акафіст грэка-каталіцкага хору з Мінска і святая імша, якую ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці. Казанне на імшы Гуджэроці прамаўляў па-беларуску.

«Гэта падзея мае гістарычнае значэнне, бо ніколі і ніхто з Апостальскіх Нунцыяў у Беларусі не рабіў падобнага», — напісаў пасля ў сваім фэйсбуку ксёндз-пробашч з Друі айцец Сяргей Сурыновіч. 

Напачатку імшы, у касцёле была ўрачыста адкрыта памятная пліта з бюстам Чэслава Сіповіча. Выраблена яна была па ініцыятыве беларускай грэка-каталіцкай царквы ў Лондане, а тэкст на ёй напісаны беларускай лацінкай.

У сваім казанні па-беларуску Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці сказаў:

«Чэслаў Сіповіч не шукаў пакуты і мучаніцтва. Будучы чалавекам адукаваным і зацікаўленым праблемамі грамадства, ён не быў прарокам сацыяльнага характару, ані дзеячам культуры. Ён быў чалавекам, які шукаў Бога ўсім сваім сэрцам і быў гатовы заплаціць высокую цану гэтых пошукаў. 

Ён мог бы мець спакойнае законнае жыццё. Дастаткова было б прыняць перакананні тых, хто настойліва навязваў яму чужую ідэнтычнасць. Шмат пакутаў абмінулі б яго, і паводле сучаснага мыслення ён быў бы шчаслівым.

Было б дастаткова адрачыся ад сваёй беларускасці, згадзіцца на тое, каб гэты народ быў бы яшчэ раз прыніжаны, як гэта было на працягу стагоддзяў: народ, які лічылі нікім і нічым, безыменнае стварэнне, невядомая зямля сярод вядомых краін, бязлюдная тэрыторыя.

Чэслаў Сіповіч не спакусіўся лёгкім шчасцем і быў высланы, каб ніколі больш не ўбачыць сваю бацькаўшчыну, забытую зямлю. 

Замест выгнання ў Манчжурыю ён паехаў на Захад, шукаць беларусаў, якіх вайна і пераслед прымусілі эміграваць. Паехаў, каб клапаціцца пра беларусаў, якія існавалі, але не мелі права заявіць пра сваё існаванне. 

Чэслава Сіповіча папрасілі пакінуць лацінскі абрад і прыняць візантыйскі. Ён, які не нарадзіўся грэка-католікам, стаў грэка-католікам у перакананні, што так мог лепш служыць свайму народу.

Чэслаў Сіповіч быў пасланы ў Лондан і там пачаў шукаць месца, каб маліцца і жыць, дзе мог бы сабраць сваіх. 

Потым, калі ён стаў біскупам (адзіным каталіцкім беларускім біскупам у тыя часы), прайшоў увесь свет, каб паказаць брацкі твар беларусам, каб дазволіць загучаць гукам мовы, мілай іх сэрцу, каб не дазволіць ім забыцца, што яны беларусы. 

Гэта цяжкі крыж. Чэслава Сіповіча абвінавацілі ў шавінізме, нацыяналізме, фанатызме. Ён бачыў, як паволі змяншалася паства, бачыў, як паміралі браты, з якімі ён згадзіўся перажываць гэтую прыгоду. Бачыў таксама, што свет, а часта і Касцёл, не разумелі добра ягоны народ.

Сёння тут, у Друі, у «беларускім» кляштары марыянаў, адным з санктуарыяў беларускай культуры, мы адчуваем прысутнасць Чэслава Сіповіча ў таямніцы Бога. Мы выражаем яму глыбокую ўдзячнасць за тое, што ён да канца нёс свой крыж. 

Хто ведае, што адчувае ён, калі чуе сёння малітвы на беларускай мове. 

Сёння ён прысутны на гэтай зямлі, дзе можна публічна маліцца, дзе будуюцца святыні і паўстаюць кляштары, і дзе быць беларускім католікам не з’яўляецца больш супярэчнасцю, прынамсі для большасці. 

Спадзяемся, што біскуп Сіповіч даруе моўныя памылкі прадстаўніку Папы ў Беларусі, які намагаецца сёння гаварыць пра яго на ягонай жа мове. Гэта выраз таго, што ўвесь Касцёл паважае і шануе гэтую мову і гэты народ і просіць прабачэння за тое, калі не заўсёды рабіў гэта так, як павінен.»

Поўны тэкст прамовы чытайце тут.

Чэслаў Сіповіч — (8 снежня 1914 г., в. Дзедзінцы, Браслаўскі павет — 4 кастрычніка 1981 г., Лондан) — беларускі грэка-каталіцкі святар, генерал супольнасці марыянаў, тытулярны біскуп Марыяметанскі, Апостальскі візітатар беларусаў-католікаў замежжа, доктар багаслоўскіх навук (1946), адзін з беларускіх тэарэтыкаў і прапаведнікаў экуменізму; гісторык, культуролаг, пісьменнік, публіцыст і перакладчык. У перыядычным друку выступаў пад псеўданімамі Васіль Друя (В. Д-я), А. Дзедзінка (А. Дз-ка), Крывічанін і інш. 

Паходзіў са шматдзетнай сялянскай сям’і беларусаў-католікаў Вінцука Сіповіча і Ядзвігі Тычкі. Адукацыю атрымліваў у пачатковай школе ў роднай Дзедзінцы (з 1921 г.), пасля ў Друі, з 1928 г. вучыўся ў Друйскай гімназіі пры кляштары айцоў марыянаў. Пасля яе заканчэння ў 1935 г. вывучаў філасофію і тэалогію ў Віленскім універсітэце імя Сцяпана Батуры. 1 жніўня 1933 г. уступіў у навіцыят марыянаў. 9 ліпеня 1938 г. паводле загаду польскіх уладаў быў разам з іншымі марыянскімі студэнтамі выселены з друйскага кляштара і не змог працягваць навучанне ва ўніверсітэце, бо вяртацца ў Вільню яму не дазволілі польскія ўлады. Працягваў вучобу па прапанове вышэйшых духоўных уладаў марыянаў на тэалагічным факультэце Папскага Грыгарыянскага ўніверсітэта ў Рыме. Вучыўся ў Папскім Усходнім інстытуце, дзе падрыхтаваў і абараніў 19 снежня 1946 г. доктарскую дысертацыю, прысвечаную мітрапаліту Ясону Смагажэўскаму. Святарскае пасвячэнне атрымаў у Рыме 16 чэрвеня 1940 г.

Быў рэктарам Беларускай каталіцкай місіі ў Вялікабрытаніі (1947), беларускім прадстаўніком у Цэнтральным каардынацыйным камітэце дабрачынных арганізацый уцекачоў (1949—1960). Удзельнік Другога Ватыканскага Сабору (1962—1965), быў там абраны ў камісію па справах Усходніх Цэркваў. Генерал супольнасці марыянаў у Рыме (1963—1969). З 1959 — віцэ-старшыня, з 1965 — ганаровы віцэ-прэзідэнт Таварыства Яна Залатавуснага ў Лондане — брытанскай арганізацыі, створанай у 1926 з мэтай пашырэння ў англамоўным свеце ведаў пра ўсходняе хрысціянства.

Быў сябрам Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі, сябрам рэдкалегіі навуковага часопіса «The Journal of Byelorussian Studies». Браў актыўны ўдзел у арганізацыі і дзейнасці Англійска-беларускага таварыства. Выступаў з рэфератамі гісторыка-культуралагічнага характару на курсах беларусазнаўства. 

У складзе ініцыятыўнай групы беларускіх духоўных і свецкіх дзеячаў (Пётра Татарыновіч, Леў Гарошка, Лявон Рыдлеўскі) 8 лістапада 1946 г. хадайнічаў перад Папам Піем ХІІ аб прызначэнні беларускага біскупа. Адзін з арганізатараў Беларускай школы св. Кірылы Тураўскага і інтэрната пры Лонданскім доме марыянаў (1961). Ініцыятар і заснавальнік Беларускага дома айцоў марыянаў у Лондане. У жніўні 1965 абраны сябрам Управы беларускага адукацыйнага і дапаможнага фонду ў ЗША. Ініцыятар адкрыцця і заснавальнік Беларускай бібліятэкі імя Ф. Скарыны і музея пры ёй (май 1971). Удзельнічаў у з’ездах беларускіх каталіцкіх святароў у эміграцыі (1960, 1961, 1962, 1972, 1977, 1979).

Актыўна супрацоўнічаў з беларускімі эмігранцкімі перыядычнымі выданнямі («Беларус», «Бацькаўшчына», «Божым шляхам»). 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?