Аліна Ваўранюк - аўтарка падручніка па беларускай мове для пачаткоўцаў.

Аліна Ваўранюк - аўтарка падручніка па беларускай мове для пачаткоўцаў.

Нядаўна адбыўся традыцыйны фестываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча». Сёлета ён зазначыўся тым, што

на сцэну разам з рок-музыкамі выйшлі дзеці. 25 вучняў пачатковай школы, дзякуючы ініцыятыве сваёй настаўніцы Аліны Ваўранюк, не толькі падпявалі ўсім беларускім рок-зоркам, але проста «ўзарвалі» свята.

І старыя хіты, і новыя песні, і купалаўскія радкі ў іх выкананні публіка прымала з непаўторнымі авацыямі. Настаўніку.info удалося пагутарыць з настаўніцай беларускай мовы Пачатковай школы №4 Алінай Ваўранюк, якая вучыць і гуртуе беларускіх дзяцей на Беласточчыне.

Nastaunik.info: Аліна, ці лёгка прывіць дзецям любоў да роднай мовы, роднага слова ў іншамоўным асяроддзі?

Аліна Ваўранюк:

Калі я люблю сваю родную мову і яна займае шмат месца ў маім сэрцы і жыцці, дык усякія цяжкасці можна пераадолець.

Ды і беларусаў на Беласточчыне жыве шмат. Мы стараемся захаваць свае традыцыі, мову.

N.: Якія спосабы Вы знаходзіце, каб Вашыя гадаванцы адчулі прыгажосць і палюбілі роднае слова?

А.В.:

Я заўсёды ведала, што ўрокі беларускай мовы – гэта не ўсё. Ставім п’есы з маімі вучнямі ў беларускім тэатральным гуртку. Летам езджу з імі на тыднёвыя летнікі. Мы заснавалі грамадскую арганізацыю «АБ-БА» (Аб’яднанне ў карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову) і ладзім экскурсіі, музычныя заняткі, арганізуем сустрэчы, канцэрты, выдаем дыскі з песнямі, кніжкі, падручнікі, дапаможнікі, даем майстар-класы настаўнікам і шмат чаго яшчэ.

Уваходзьце на наш сайт і чытайце!

Аліна Ваўранюк падчас фестывалю «Басовішча-2014».

Аліна Ваўранюк падчас фестывалю «Басовішча-2014».

N.: Вядома, што Вашыя вучні проста «ўзарвалі» сёлетні фестываль беларускай песні Басовішча. Яны выступілі разам з сапраўднымі зоркамі Беларусі – Лявонам Вольскім, Ігарам Варашкевічам і іншымі, спявалі песні, якія сталі хітамі не толькі ў Беларусі. Раскажыце, як гэта адбывалася і як да гэтага ставіліся дзеці.

А.В.: Я вяла з дзяцьмі заняткі па суботах, расказвала пра фестываль «Басовішча», гісторыю беларускай рок-музыкі. Мне не было цяжка, я ж ведаю сваіх вучняў, кожны год езджу на Басовішча. Пахвалюся, што я была пры абмяркоўванні ідэі Басовішча з Басяй Пякарскай (тады яшчэ Кучынскай) і Міколам Ваўранюком (тады яшчэ ён не быў маім мужам), мы ездзілі ў Менск запрашаць музыкаў на першае Басовішча. Гэта былі незабыўныя хвіліны, першая сустрэча з Сержуком Воюшам, Алесем Камоцкім, Сяргеем Краўчанкам з Уліса.

Была суарганізатаркай першага фэсту, а цяпер мае былыя вучні і ўласныя дзеці яго арганізуюць. Ці можа быць цяжка распавядаць пра тое, што любіш, беларускую музыку, дзецям? Абсалютна не!

Песні, якія праспявалі дзеці, ведае хіба кожны.

N.: Што можаце параіць сваім калегам – выкладчыкам роднай мовы і літаратуры ў Беларусі, якія таксама вымушаны выхоўваюць дзяцей у чужамоўным асяродку?

А.В.: Па-мойму,

самае важнае - дзеці адчуваюць фальш. Яны бачаць, што я не настаўніца роднай мовы толькі на ўроках, я беларуска па жыцці.

Выхавалі мы з мужам дзяцей-беларусаў, гавару з імі на сваёй роднай мове, мае вучні, бывала, былі здзіўлены, што я ведаю таксама польскую мову. Я жыву ў Польшчы, гавару па-беларуску з нашым беластоцкім акцэнтам, але гэта мая родная мова.

І я сама, і дзеці перапоўнены шчасцем, бо дзецям вельмі падабаецца працаваць і рэпетаваць з найлепшымі музыкамі, размаўляць па-беларуску, вучыцца ў іх, займацца сур’ёзнай дарослай справай. А я назіраю, што атрымліваецца - дзеці вельмі непрадказальныя, як і музыкі.

N.: Мы зразумелі Ваш сакрэт – паказваць асабісты прыклад і дазволіць дзецям быць стваральнікамі сваёй культуры. Вашыя вучні будуць памятаць, як яны сталі зоркамі фестывалю, мець гэты факт у біяграфіі. Яны адчулі, што беларусамі быць класна! І ім ужо не трэба вучыць астраномію, каб зразумець, што сапраўдныя зоркі свецяць сваім святлом, а больш дробная матэрыя – толькі адлюстроўвае чужое.

А.В.: Дакладна так. У нас яшчэ будзе запіс усяго канцэрту. Паўторым яго на Wschodzie Kultury у Беластоку 29 жніўня. Выступіць Стары Ольса, а потым мы - 25 АБ-БА АРКЕСТР з салістамі, як на «Басовішчы»: Лявонам Вольскім, Ігарам Варашкевічам, Аляксандрам Памідоравым, Юркам Асеннікам і Хрыстафорам Сяськевічам

Запрашаем!

Трэба, каб было больш пляцовак, дзе дзеці-беларусы маглі б паказаць свае таленты.

Зацытую Ігара Варашкевіча, лідара «Крамы»: «Гэта як быў адзіны беларускамоўны рок-фестываль, так ім і застаўся. Больш няма. Прычым, калі раней былі больш дробныя фэсты кшталту «Року па вакацыях», то зараз нічога няма. А тыя вялікія оўпэн-эйры, што ёсць, запрашаюць расійскіх зорак. Уселякае тут было, як і ў розных гісторыях бываюць плюсы і мінусы. Але ўсё ж такі гэта добрая справа. І нам дастаткова сумна было не ездзіць сюды 4 гады».

N.: Дзякуй за размову, і за Басовішча, якое жыве 25 год, таксама дзякуй!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?