Верагодная пячатка князя Глеба

Верагодная пячатка князя Глеба

У папярэдняй частцы «Гісторыі Беларусі» вялася гаворка пра тое, як нашыя землі ўступалі ў ХІІ ст. і пра ўладаранне князя Барыса, нашчадка Усяслава Полацкага. Гэтым жа часам адбывалася яшчэ адна вельмі важная змена ў палітыка­адміністрацыйным ладзе Полацкай зямлі — у канцы ХІ—ХІІ ст., за кароткі час, структура гэтай дзяржавы становіцца менш гамагеннай. З’яўляюцца Менскае і Ізяслаўскае ўдзельныя княствы, пазней Друцкае, Віцебскае, Лагойскае. Герой гэтых падзеяў — родапачынальнік менскай галіны полацкіх князёў Глеб Усяславіч.

Ворагі­-сваякі

Пачатак «кар’еры» Глеба — традыцыйны. У 1090 г. ён пабраўся шлюбам з дачкой князя Яраполка Ізяславіча Анастасіяй. Яе дзед — той самы князь Ізяслаў Кіеўскі, які пасадзіў у поруб Усяслава Полацкага. Дый сам Яраполк Ізяславіч перамог Усяслава ў 1071 пад нелакалізаваным гісторыкамі Галацічаскам.

Хутка пасля таго, у 1073, Яраполк Ізяславіч мусіў пакінуць кіеўскі пасад і бегчы ад кіяўлянаў разам з бацькам. Гэта былі ўжо не першыя ўцёкі князя Ізяслава — у 1068 у выніку народнага паўстання на яго пасад быў узведзены Усяслаў Полацкі. Дзіўным чынам перакрыжоўваецца гісторыя двух родаў і перыядычныя закалоты ў Кіеве.

Ізяслаў і Яраполк бягуць на Захад. Падтрымкі ў Польшчы яны не атрымалі. Як і ў Германіі: кароль Генрых IV быў заклапочаны ўнутранымі справамі — ваяваў з саксамі. У той перыяд адбылася важная для нашага сюжэта падзея — каля 1075 Яраполк пабраўся шлюбам з Кунігундай, дачкой майсенскага маркграфа Атона фон Арламюндэ. Іх дачка Анастасія стане жонкай Глеба Менскага.

Яраполк скіраваўся ў Рым да папы Рыгора VII.

Рымскі пантыфік знаходзіўся на вяршыні палітычнай магутнасці. Літаральна праз два гады, у 1077, адбудзецца «Хаджэнне ў Каносу», калі той самы імператар Генрых IV з’явіцца на паклон да Рыгора VII і будзе прыніжана прасіць зняць адлучэнне ад царквы. А ў 1075 Рыгор VII абвясціў выгнаных рускіх князёў сваімі васаламі. Мяркуецца, што Яраполк прыняў каталіцтва пад іменем Пятра.

Сведчанні пра той візіт захаваліся ў кніжным помніку, што вядомы як Кодэкс Гертруды або Трырскі Псалтыр. Ён быў створаны ў канцы Х ст., а ў 1043, як частка пасагу дачкі польскага караля Мешка ІІ Гертруды, трапіў у Тураў — польская прынцэса стала жонкай тагачаснага тураўскага князя Ізяслава Яраславіча. У шлюбе Ізяслава і Гертруды і нарадзіўся Яраполк.

Кодэкс цягам жыцця князёў дапаўняўся. Калі ў 1076 Ізяслаў і Яраполк здолелі вярнуцца ў Кіеў, запісы пра іх рымскую выправу таксама трапілі ў кнігу.

На адной з шасці новых мініяцюр мы бачым і партрэт Яраполка і яго жонкі Кунігунды. Увогуле, мініяцюры Кодэкса Гертруды застаюцца ўнікальным ілюстрацыйным матэрыялам для вывучэння адзежы элітаў ХІ ст.

Калі сочыш за імклівымі перамяшчэннямі князёў і іх дружыны, разумееш, наколькі стэрэатыпы застылага і маларухомага Сярэднявечча неадэкватныя. Эліты, святары, манахі, купцы, гараджане пастаянна перамяшчаліся, каб рэалізоўваць задачы свайго жыцця. Куды менш часу яны праводзілі ва ўласным доме. Дый ці быў такі дом у князёў?

Таксама дынастычныя і міжканфесійныя шлюбы сведчаць пра тое, што да мангольскага наступу Кіеўская Русь была арганічна ўключаная ў прастору хрысціянскай Еўропы.

Калі ўзнікла Менскае княства?

Летапісы паведамляюць, што князі надзялялі ўдзеламі сыноў яшчэ пры жыцці. Нагодай станавіліся шлюб ці дасягненне княжычамі пэўнага веку. Нам вядома пра шлюб Глеба Усяславіча (першага прыгаданага ў крыніцах менскага князя) з Анастасіяй, дачкой Яраполка Ізяславіча. Яраполк загінуў у 1086, а заручыны маглі адбыцца ў 1085, бо ў гэты год былі заключаны саюзныя адносіны паміж бацькамі маладых. Яраполк, валынскі князь, знаходзіўся ў вострым канфлікце з галічанскімі князямі Расціславічамі ды шукаў падтрымкі ў Польшчы і Полацка. Так, неаднаразова ў гісторыі, былыя ворагі рабіліся саюзнікамі і сваякамі.

Эпізод са шлюбам важны тым, што ад 1085 мы можам казаць пра ўзнікненне Менска як самастойнай адміністрацыйнай адзінкі, якая пасля скону полацкага сюзерэна Усяслава ў 1101 ператвараецца ва ўдзельнае княства Полацкай зямлі.

Назва «ўдзел» паходзіць ад слова «дзяліць» — маецца на ўвазе падзел значных тэрытарыяльных утварэнняў на драбнейшыя. Удзелы маглі ўзнікнуць толькі ва ўмовах патрыманіяльных манархій, калі дзяржава ўспрымаецца як уласнасць роду, а манарх ёсць уласнікам усіх зямель. Гэта старажытнагерманская форма дзяржаўнай улады, запачаткаваная ў Франкскім каралеўстве пры дынастыі Меравінгаў. Удзелы маюць значную ступень самастойнасці, але фармальна прызнаюць вяршэнства князя ўсёй зямлі — у нашым выпадку, Полацкай.

Амбітны Глеб

Пасля ўмацавання ў Менску Глеб увайшоў у канфлікт са сваімі братамі. Мяркуецца, што ён пазбавіў ізяслаўскага (заслаўскага) удзелу Давыда Усяславіча (сяр. 1050­х — пасля 1130), а таксама Рамана Усяславіча (1050­я — 1114/1116).

З’яўленне новага цэнтра сілы не засталося незаўважным. У 1105 (ці 1104) адбылася аб’яднаная выправа паўднёварускіх князёў супраць Глеба: кіеўскі князь Святаполк накіраваў свайго ваяводу Пуцяту Вышаціча, Уладзімір Манамах (тады яшчэ пераяслаўскі) — сына Яраполка, чарнігаўскі князь Алег Святаславіч прыйшоў сам ды прывёў з сабой выгнанага Давыда. Але напад быў адбіты. Даследчыкі адзначаюць, што кіеўскі князь Святаполк не выяўляў асаблівага імпэту.

Глеб пераходзіць у наступ — ён імкнуўся пашырыць свае ўладанні ў напрамку Дняпра, што адкрывала перспектывы сувязяў са знешнім светам.

А гэта прыводзіла да сутыкнення з Уладзімірам Манамахам, які кантраляваў Смаленскую зямлю і прэтэндаваў на тэрыторыі, што ўваходзілі ў сферу ўплыву Полацкага княства.

Святаполк кіеўскі таксама асцерагаўся ўмацавання Манамаха — тут яго інтарэсы супадалі з інтарэсамі полацкіх князёў.

Полаччына ўмацоўвае свае ўсходнія тэрыторыі — у пачатку ХІІ ст. на правым беразе Дняпра ўзводзіцца замак у Оршы. Адначасова, на левым беразе будуецца замак у Копысі, які становіцца заходнім фарпостам Смаленскага княства. У той час менавіта Уладзімір Манамах стаў смаленскім князем і Копысь мог умацоўваць менавіта ён. Неўзабаве гэтыя дняпроўскія фарпосты апынуліся пад уладай Глеба Менскага. Стольны горад Менскага княства знаходзіўся на самым захадзе гэтага новага палітычнага ўтварэння. Вельмі нечаканым, паводле пазнейшых аўтараў, выглядае тут статус Друцка.

Гісторык ХІХ ст. Тэадор Нарбут у сваё «Гісторыі літоўскага народа» ацэньваў Глеба Менскага як чалавека «неспакойнага характару» і сцвярджаў, што за гэтым князем Менская зямля стала цэнтрам нявольніцкага гандлю, а ў Друцку знаходзіўся галоўны рынак жывога тавару. Нарбут не зрабіў спасылкі на крыніцы інфармацыі. Таксама на яго адрас гучыць багата дакораў у вельмі вольным абыходжанні з крыніцамі. Тым не менш, імкненне Глеба да выхаду на важныя гандлёвыя артэрыі можа ўскосна пацвердзіць гэтую версію. Што яшчэ ў тую эпоху магло прыносіць большыя прыбыткі, чым паспяховая вайсковая экспедыцыя ці гандаль нявольнікамі?

Паўднёвы напрамак

У 1113 памёр кіеўскі князь Святаполк. Пры ягоным жыцці атачэнне князя злоўжывала ліхвярствам і спекулявала соллю. Смерць уладара стала сігналам да паўстання ў Кіеве — люд разграміў двары адміністрацыі, у тым ліку знаёмага нам Пуцяты Вышаціча, а таксама дамы ліхвяроў. Кіеўскія вярхі ў паніцы запрасілі на пасад Уладзіміра Манамаха. Ён жорстка задушыў паўстанне, але таксама ўнёс у рускае права некаторыя нормы, якія палепшылі становішча нізоў («Статут Уладзіміра Манамаха»): былі абмежаваныя прыбыткі ліхвяроў, вызначаны ўмовы закабалення, палягчалася становішча даўжнікоў.

Стаўшы кіеўскім князем у 60-гадовым веку, Манамах кіраваў цвёрдай рукой і з дапамогаю сваіх сыноў здолеў кантраляваць 3/4 тэрыторыі шматковай Кіеўскай Русі.

Уладаранне Манамаха стала апошнім перыядам узмацнення гэтага дзяржаўнага аб’яднання. Пад кантролем князя знаходзіўся таксама Тураў, які перайшоў да Уладзіміра Манамаха як кіеўская воласць.

Гэтыя вектары — экспансіянізм Глеба Менскага і імкненне Уладзіміра Манамаха да ўсталявання кантролю ва Усходняй Еўропе — непазбежна павінны былі прывесці да канфлікту.

У 1116 Глеб нападае на Слуцк, які ўваходзіў у тураўскія ўладанні кіеўскага князя. У адказ Манамах выправіў на Менскае княства войскі сыноў з трох бакоў. Смаленскі князь Вячаслаў Уладзіміравіч захапіў Оршу і Копысь; аб’яднаныя сілы Давыда Уладзіміравіча і пераяслаўскага князя Яраполка Уладзіміравіча ўзялі «на шчыт» Друцк, а яго жыхароў вывелі ў Пераяслаўскую зямлю, пабудаваўшы новы горад Жэлні. Сам Уладзімір Манамах скіраваўся да Менску і ўзяў горад у аблогу. Тое, што кіеўскае войска не здолела з бою авалодаць Менскам, сведчыць пра магутнасць умацаванняў і значнасць вайсковага патэнцыялу горада.

Аблога трывала два месяцы. Пасля, паводле кіеўскага летапісца, «пачаў прасіцца Глеб ва Уладзіміра». Глеб з дзецьмі і дружынай выйшаў з менскага дзядзінца «і абяцаў ва ўсім слухаццаУладзіміра». Манамах прыняў капітуляцыю, ля валоў дзядзінца адбылася цырымонія перадачы Менска Глебу — цяпер менскаму князю ягоны ўдзел перадаваў князь кіеўскі.

Пагром 1116­-га ліквідаваў дасягненні Глеба Менскага ў Падняпроўі, карысныя для ўсёй Полацкай зямлі. У 1119 Глеб Менскі ўжо з сіламі Полацка здзейсніў рэйд ва ўладанні сыноў Манамаха — у Смаленскую і Наўгародскую землі. Гэтым разам кіеўскі князь не збіраўся ісці на саступкі — ён наказаў свайму сыну Мсціславу спустошыць Менск і не адпускаць Глеба. Менскі князь быў паланёны, адвезены ў Кіеў і там неўзабаве, 13 верасня 1119, памёр.

Глеб Менскі і Кіева-­Пячэрская лаўра

Глеб Усяславіч быў пахаваны ў Кіеўска-­Пячэрскай лаўры, дакладней — ва Успенскім саборы, у самым шанаваным месцы: побач з каменным саркафагам заснавальніка Лаўры св. Феадосія Пячэрскага. Праз 40 гадоў тут жа было пакладзена цела ўдавы Глеба, княгіні Анастасіі, якая сканала ў 1158, на 84-­м годзе жыцця. Княгіня Анастасія пакінула святыні «5 сёл з чэляддзю».

Украінскія археолагі мяркуюць, што сярод парэшткаў 17 чалавек, знойдзеных у 1988 у паўднёвай частцы Успенскага сабору, захаваўся і прах Глеба Усяславіча. Але стасункі Глеба Менскага з Лаўрай маюць даўнейшую гісторыю. Ён багата фундаваў яе пры жыцці: фінансаваў будаўніцтва мураванай трапезнай (пры трапезнай дзейнічала царква, галаснікі якой былі аздобленыя «двузубцам з крыжыкам», княскім знакам Глеба). Таксама Глеб ахвяраваў на манастыр 600 грыўняў срэбра і 50 грыўняў золата. Гэта сведчыць і пра значныя грашовыя рэсурсы, якімі валодаў князь.

Так скончыўся перыяд часовага ўзвышэння Менска. Сціплыя гістарычныя крыніцы не даюць нам магчымасці адсачыць усе перыпетыі змагання Глеба за гегемонію яго княства над Усяслававай спадчынай. Мы вельмі далёкія ад таго, каб праецыраваць палітычную актыўнасць Менска ХІІ ст. на ягоную сталічную ролю ХХ ст. Але, стоячы на пазіцыях пачатку ХІІ ст., трэба прызнаць, што ў рэгіёне з’явіўся новы канкурэнцыйны цэнтр сілы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?