Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла заклікала суайчыннікаў годна адзначыць Дзень Волі — чарговую гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі (25 сакавіка 1918 года).

«Гэтым вы прыпомніце свету, што і вы хочаце быць гаспадарамі на сваёй зямлі», — гаворыцца ў яе звароце, размешчаным на старонцы Рады БНР у «Фэйсбуку».

Сурвіла звяртаецца да суайчыннікаў «з трывогай на душы». «Падзеі ва Украіне паказалі свету, да якой скрайнасці Масква гатовая пайсці, каб вярнуць імперыю. Не зважаючы на законы міжнароднага сужыцця, на міжнародныя — ёю падпісаныя — дагаворы і на аднагалоснае асуджэнне ўсяго свету, Расія напала на суседнюю дзяржаву пад выдуманым прэтэкстам небяспекі, якая маўляў пагражае «рускамоўнаму» насельніцтву гэтае дзяржавы. У трыццатыя гады напад на суседнюю дзяржаву пад падобным прэтэкстам быў першым крокам да найстрашнейшай сусветнай вайны, якую перажыло чалавецтва», — сказала яна.

Для Беларусі, падкрэслівае Сурвіла, «маскоўская агрэсія на Украіну асабліва трывожная». «Калі свет адэкватна не зарэагуе, мы можам стацца наступнай ахвярай маскоўскага імперыялізму. Прэтэкст будзе той самы: расійскамоўнае насельніцтва Беларусі», — мяркуе яна.

Ад імя Рады БНР Сурвіла выказвае «салідарнасць з украінскім народам і яго героямі, якія сёння змагаюцца супраць пуцінскай імперыі зла». «Не давайце рэжыму ўцягнуць вас у гэтую імперыю. Мы на баку цывілізаванага свету, а не дзікіх агрэсараў», — заявіла яна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?