Яго абвінавачваюць у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, звязанай з атрыманнем прыбытку ў асабліва буйным памеры. Аднак у яго затрыманні летам 2013 года ўдзельнічалі не толькі супрацоўнікі аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, але і ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Беларусі. Чаму? Расследавала справу журналістка партала Tut.by Кацярына Сінюк.

Як стала вядома, на судзе будуць разглядацца выключна эканамічныя пытанні. Але якую інфармацыю пра Давыдовіча маюць супрацоўнікі іншага ўпраўлення? Як паказала расследаванне, Давыдовіч звязаны з фігурантамі гучнай «справы пра педафілаў», ахвярамі якіх сталі, паводле заяваў аператыўнікаў, тысячы дзяцей.

Вячаслаў Давыдовіч — уладальнік катэджа плошчай каля 1000 квадратных метраў — аднаго з самых вялікіх у краіне — быў затрыманы 27 жніўня мінулага года. Размяшчаецца дом у мікрараёне Зацань на Мікалаеўскай, 9 у Мінску.

Як паведамілі ў Следчым камітэце, канчатковае абвінавачванне, выстаўленае Давыдовічу, гучыць так: «Ажыццяўляў прадпрымальніцкую дзейнасць без дзяржаўнай рэгістрацыі, звязаную з атрыманнем даходаў у суме 966 млн рублёў. Гэта выяўлялася ў тым, што, маючы ва ўласнасці катэдж <…>, доўгі час здаваў нежылыя памяшканні пад офісы некалькім юрыдычным асобам».

Аднак супрацоўнікі ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС усё ж удзельнічалі ў затрыманні Вячаслава Давыдовіча невыпадкова. Да моманту затрымання ва ўпраўлення была інфармацыя аб тым, што Давыдовіч меў сэксуальныя адносіны з непаўналетнімі хлопчыкамі. Сёння і следства мае паказанні не менш чым дзясятка хлопцаў, аднак ніякай справы з гэтай нагоды Следчы камітэт так і не распачаў.

Катэдж Вячаслава Давыдовіча на Мікалаеўскай, 9.

Катэдж Вячаслава Давыдовіча на Мікалаеўскай, 9.

Кіраўнік дабрачыннага аб'яднання і «справа педафілаў»

Як атрымалася высветліць, былы кіраўнік дабрачыннага аб'яднання звязаны з фігурантамі гучнай «справы педафілаў», пра падрабязнасці якой нядаўна расказала МУС.

Нагадаем, спакушальнікамі хлопчыкаў аказаліся два таварышы: 60-гадовы К., цяпер ужо асуджаны на 17 гадоў турмы за педафілію, і 43-гадовы А. К.

Як высветлілася, А.К. — гэта Алег Каменда, калісьці ўжо асуджаны за педафілію, які цяпер чакае новага суда.

Абодва фігуранты з 1989 па 2002 год былі тройчы судзімыя за распусныя дзеянні з непаўналетнімі і іншыя злачынствы, але з 2002 па 2010 г. у поле зроку праваахоўнікаў не траплялі. Абодва шукалі новых ахвяр на вуліцах сталіцы, а ў цёплы час года ездзілі па краіне, заводзячы знаёмства з вясковай моладдзю. Падлеткам прадстаўляліся трэнерамі па веласпорце і футболе, запрашалі запісацца ў секцыю. У Мінску ў іх была своеасаблівая «майстэрня» — таксама ў мікрараёне Зацань, куды яны і заваблівалі дзяцей.

Для большай пераканаўчасці на сценах у майстэрні развесілі некалькі ровараў і плакатаў і купілі спартыўную форму — для сябе сіняга колеру, для сваіх падапечных — ружовага. Такія заняткі не выклікалі падазрэнняў нават у бацькоў, некаторыя з іх самі прыводзілі дзяцей на «трэніроўкі». Пасля два сябры не змаглі падзяліць паміж сабой аднаго з хлопчыкаў. У 2008 годзе яны разарвалі адносіны. Канфлікт прывёў да таго, што яны падзялілі паміж сабой раёны сталіцы, не прэтэндуючы на чужую тэрыторыю.

Як расказалі ў галоўным упраўленні крымінальнага вышуку МУС, Алег Каменда, знаёмячыся са сваімі ахвярамі, «надзяваў» не толькі маску трэнера.

Яшчэ адна падстава — прапанаваць хлапчукам падзарабіць на будоўлі: «Прыводзіў да гаспадара дома. Як высветлілася, той даваў ім працу і, каб дзеткі не падарваліся, правяраў з «добрымі мэтамі» ў іх пахвінную вобласць. Казаў ім, маўляў, трэба паглядзець, каб кілы не было». Як высветліла Кацярына Сінюк, гаспадаром дома быў не хто іншы, як Вячаслаў Давыдовіч. Удалося даведацца і яшчэ адну цікавую дэталь: усе трое — Давыдовіч, Каменда і К. — выхадцы з дзіцячых дамоў, прычым двое з іх (Каменда і Давыдовіч) выхоўваліся ў адных і тых жа дзіцячых дамах у Брэсцкай вобласці: Кобрынскім, Шарашэўскім (расфармавалі ў 1978 годзе) і Ястрамбельскай школе-інтэрнаце.

«Тое, што гэтыя вычварэнцы бегалі столькі гадоў, дзяцей шукалі, ніхто не бачыў»

Сёння хлопцам, які траплялі ў катэдж да Вячаслава Давыдовіча «на будоўлю», ужо па 19-20 гадоў, размаўляць на тэму дамаганняў яны не прагнуць: у многіх ужо адносіны, сем'і, дзяўчаты/хлопцы.

Андрэй [імя змененае] у катэджы ў Давыдовіча працаваў некалькі гадоў, пачынаючы з 2007. Упершыню ён туды трапіў, калі яму было ўсяго 14.

«У мяне маці піла, нас з сястрой забралі ў дзіцячы дом, а калі выйшлі, сябры расказалі, што ў Давыдовіча можна атрымаць працу. Так я да яго і трапіў. Апалубкі выстаўляў, заліваў, капаў.

Работы ішлі на Мікалаеўскай круглы год, напэўна. Да ста хлопцаў маглі працаваць часам. <…> Дом Давыдовіча — гэта такая прастора, куды ўсіх як быццам засмоктвала. Там тусаваліся ўсякія бізнесмены, ды шмат хто. Я часта з імі там сядзеў, размаўляў, — кажа Андрэй. — Часта Давыдовіч прывозіў нейкіх кадэтаў (з Ястрамбельскай школы-інтэрната. — Аўтарка).

Прычым вось стаім, працуем, Іванавіч (хлопцы звычайна называлі Давыдовіча проста па імені па бацьку. — Аўтарка) падыходзіць і кажа: «Ты стой, працуй. А ты — са мной». І адводзіў хлопцаў кудысьці ў дом па адным.

Бывала, па паўгадзіны з ім сам-насам пацаны праводзілі. Мы ўжо думалі: што яны там робяць?! Потым і мяне паклікаў. Казаў спачатку, што мы можам надарвацца на будоўлі, таму яму трэба мяне памацаць, залазіў у штаны, чапаў за я**ы…» Непасрэдна ў палавы кантакт, запэўнівае Андрэй, з Давыдовічам ён не ўступаў, але і іншых падрабязнасцяў сустрэч хлопец раскрываць не хоча.

Мяркуючы па нумарах машын, якія рэгулярна прыязджалі на Мікалаеўскую, 9, гасцямі дома часта рабіліся не самыя апошнія ў краіне людзі.

Хочацца верыць, што госці Давыдовіча не валодалі інфармацыяй, якой да моманту затрымання гаспадара катэджа валодалі ва ўпраўленні па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС.

Андрэй успамінае, як шмат разоў хадзіў з хлопцамі гуляць уздоўж Свіслачы, побач з катэджам, і яны часта сустракалі «дзіўнага чудзіка». Пазней, на допытах у міліцыі і СК, ён пазнаў у ім 60-гадовага К. — першага, ужо асуджанага, фігуранта «справы педафілаў». Па словах Андрэя, К. бегаў уздоўж Свіслачы, заводзячы знаёмства з хлопцамі, шмат гадоў. «Гэты вычварэнец увесь час ездзіў на веласіпедзе, казаў, што трэнер нейкі. І ўсім прапаноўваў, тыпу давайце я вам ад**су і заплачу. Шмат разоў рукі свярбелі набіць яму морду», — успамінае Андрэй.

З Алегам Камендам Андрэй і некалькі яго сяброў (некаторыя з іх ужо адседзелі ў турме за крадзяжы. — Аўтарка) пазнаёміліся прыкладна ў 2009 годзе. Па словах Андрэя, Алег быў у добрых адносінах з Давыдовічам, шмат разоў заставаўся начаваць. «Алег, калі ў вышуку быў, у Давыдовіча там хаваўся. Такі светленькі, маленькі, у акулярах… Блакітны ён, карацей.

Мы з ім сядзелі разы два дакладна потым і ў яго дома, у майстэрні, якая недалёка ад катэджа Давыдовіча знаходзіцца.

Прыходзілі, ён даставаў віно, потым нейкія слоічкі пастаянна ставіў, казаў, можна сперму здаваць. Прэзерватывы даставаў, віягру, чапляўся, усіх нас за я**ы чапаў, у штаны лез. Размовы ў асноўным пра сэкс вёў.

Пытаўся, якой даўжыні нашы «сябры», прапаноўваў зняць штаны і памерацца», — кажа Андрэй.

Паводле яго словаў, калі аднойчы Вячаслаў Давыдовіч даведаўся, што Алег адводзіць яго з сябрамі да сябе ў «майстэрню», занерваваўся.

«Казаў: «Ну трэба ж, я нават не ведаў». Ці то крыўдзіўся, ці то што, — дадае хлопец. Пасля паўзы малады чалавек працягвае: «Тут можна шмат расказваць. І пра лазні, калі пацаны нашы выбягалі з крыкам, што іх хацелі згвалтаваць… Так не павінна быць». На думку маладога чалавека, дзеянні Давыдовіча, Алега і яго напарніка ў майстэрні, — гэта разбэшчванне непаўналетніх. «Я і тады ўсё ўсведамляў, але цяпер разумею гэта яшчэ больш. Я лічу, за гэта павіннае быць пакаранне».

Ва ўпраўленні па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Беларусі расказалі, што маюць інфармацыю аб сэксуальных кантактах Вячаслава Давыдовіча з непаўналетнімі. Аднак «крымінальная справа па дадзеных фактах СК не заводзілася. Рэч у тым, што, згодна з дзейным заканадаўствам, за ўступленне ў інтымную сувязь з падлеткамі, якія дасягнулі 16-гадовага ўзросту, крымінальнай адказнасці не прадугледжана. Па тых паказаннях, што ёсць у нас, у дачыненні да маладых людзей гвалт не ўжываўся», — сказаў начальнік упраўлення Мікалай Карпянкоў.

Варта адзначыць, што нягледзячы на тое, што гэтае ўпраўленне актыўна займаецца выяўленнем педафілаў, канчатковую ацэнку фактам дае Следчы камітэт. Пры гэтым каментароў на гэтую тэму ў СК, на жаль, не даюць.

Ястрамбельская школа-інтэрнат. Выхавальнікі адпускалі хлопчыкаў пагасцяваць у Давыдовіча. Але не больш чым на дзве ночы

На адным з допытаў у аператыўнікаў крымінальнага вышуку Алег Каменда заявіў, што яго самога калісьці гвалтавалі. У дзіцячым доме. Каб лепш зразумець, хто такія Давыдовіч і Каменда, журналістка Кацярына Сінюк адправіўся ў Ястрамбельскую школу-інтэрнат, якая некалькі гадоў таму была ператвораная ў Брэсцкае абласное кадэцкае вучылішча.

Як высветлілася, і ў адміністрацыі ўстановы, і некаторыя выхавальнікі выдатна памятаюць і аднаго, і другога выпускніка. Пры гэтым калі пра Каменду яны адгукаюцца як пра дзіўнага хлопца, то Вячаслаў Давыдовіч для іх, вобразна кажучы, бог і заступнік.

Намеснік дырэктара інтэрната Васіль Лаўрыновіч паказвае фатаграфію Алега Каменды.

Намеснік дырэктара інтэрната Васіль Лаўрыновіч паказвае фатаграфію Алега Каменды.

Алег Каменда ў год выпуску. Ён стаіць у верхнім шэрагу, другі справа.

Алег Каменда ў год выпуску. Ён стаіць у верхнім шэрагу, другі справа.

Каменду, ахвярамі якога, па словах аператыўнікаў крымінальнага вышуку, магло стаць 8—10 тысяч хлопчыкаў, выхавальнікі называюць дзіўным з дзяцінства.

«Хадзіў з кніжкамі, сшыткамі, газетамі. Вучыўся нядрэнна, на 4-5. Казаў, што яго мара — стаць пракурорам. Часта паўтараў: «Вось стану пракурорам і ўсіх вас пасаджу!» Увогуле ён артыст. Умеў галасы падрабляць — Лявонцьева, Алу Пугачову спяваў. Пасля выпускнога ён тут з'яўляўся, хадзіў усё з папкай, сшыткамі. (Паводле версіі аператыўнікаў, Каменда вёў спецыяльныя дзённікі, куды запісваў імёны, прозвішчы і кантакты сваіх ахвяр. — Аўтарка.) Мы ўсе думалі, што ж там у гэтай папцы!» — кажа выхавальніца Ястрамбельскай школы-інтэрната Людміла Бабко, але адзначае, што ў Алега выкладала толькі адзін год, таму добра яго не ведае.

Яшчэ адна выхавальніца, Людміла Антонаўна, вучыла Каменду некалькі гадоў. «Маленькага росту, кучаравенькі. У класе асабліва ні з кім не сябраваў. Але заўсёды любіў прыцягнуць увагу. Заўсёды з радасцю выконваў даручэнні па арганізацыі, напрыклад, палітінфармацыі. Гэта проста трэба было бачыць! Сапраўды артыст і прамоўца. Ён добра рыхтаваўся, шмат чытаў газет, мог данесці ўсё, што прачытаў. Усе слухалі яго з адкрытым ротам». Пры гэтым абодва выкладчыкі сышліся ў меркаванні, што і Каменда, і Давыдовіч умелі схіліць да сябе дзяцей.

Людміла Віктараўна Бабко прапрацавала ў Ястрамбельскім інтэрнаце 38 гадоў. Славу Давыдовіча памятае выдатна, лічыць сябе яго мамай, бо родная маці ад яго адвярнулася, калі ён быў зусім маленькім.

«Давыдовіч — гэта мой першы выпуск. Ён прыехаў да нас у 6 клас з Шарашова. Скончыў Слава наш інтэрнат у 1981 годзе. А Алег Каменда скончыў у 1985-м. Некалькі гадоў хлопчыкі тут выхоўваліся адначасова, але ніколі не размаўлялі асобна. Слава ж быў старэйшы», — кажа Людміла Віктараўна.

Вячаслава Давыдовіча жанчына можа ахарактарызаваць «толькі добра».

«Таму што гэтае дзіця расло, абапіраючыся на маю сям'ю. Я яму давярала заўсёды маленькага ўласнага сына. Ён часта звяртаўся да нас, я тут побач жыла. Гэта была яго аддушына, таму што яны прыйшлі ў новы калектыў (з папярэдняга дзіцячага дома), трэба было прыцірацца. А ў яго нікога не было. Слава вельмі любіў чытаць, фотасправай займаўся. За кнігі гатовы быў усё аддаць. Чытаў шмат пра вандроўкі і Шэрлака Холмса. Потым убачыў у мяне неяк кнігу «Энцыклапедыя маладой сям'і», сказаў: «Людміла Віктараўна, вось калі я буду жаніцца, падарыце мне гэтую кнігу!» І ў школе Слава закохваўся ў дзяўчынак. У Іру, напрыклад. Ён жа са мной усім дзяліўся! Пасля заканчэння ён сустрэў Таню, ажаніўся з ёй і любіў яе больш за жыццё. Цяпер яны ў разводзе. А некалі я ў іх нават на вяселлі была».

Пасля дзіцячага дома Слава Давыдовіч паступіў у Слуцкае вучылішча, потым пайшоў у Вышэйшую школу міліцыі, расказвае далей яго былая выхавальніца. Два гады адвучыўся, потым быў пераведзены ў Мінск, у Акадэмію МУС.

Два гады адпрацаваў участковым. «Яго нават неяк паранілі падчас затрымання злачынца. Я ў шпіталь ездзіла яго праведваць». Праз нейкі час Давыдовіч атрымаў яшчэ адну адукацыю — псіхолага. «А потым ён працаваў у Адміністрацыі прэзідэнта. Калі там быў, прыязджаў да нас у інтэрнат. Феерверкі дзецям прывозілі. Слава наогул святы нам любіў арганізоўваць. Зорак эстрады вазіў, танцораў розных».

Нават пасля таго як Слава пакінуў сцены інтэрната, Людміла працягвала з ім мець зносіны і рэгулярна прыязджала пагасціць да яго ў Мінск. Жанчына таксама пацвердзіла, што яшчэ адзін яе былы выхаванец — Алег Каменда — сапраўды вадзіў да Славы дзяцей, папрацаваць на будоўлю.

«Так, Каменда прывозіў Давыдовічу дзяцей», — кажа Людміла Бабко. Даведалася пра гэта жанчына з першых вуснаў — вясной 2013. Прыехала ў катэдж да Давыдовіча і там сустрэла Алега. «Я выдатна ведала, што Каменда з Брэста, там у яго маці кватэра ёсць, а тут бачу яго ў Мінску. Здзівілася. Кажу: «Алег, а ты што тут?» А ён: «Я прыводжу Вячаславу Іванавічу дзяцей на будоўлю працаваць. Вось, бачыце, якія ў мяне туфлі — 100 даляраў, рэмень — 150 даляраў». Увогуле, выхваляўся вялікімі даходамі, хоць, здаецца, асабліва нідзе не працаваў. Я потым у Славы пыталася, што наогул з Камендам. Ён сказаў, што Алег займаецца нядобрымі справамі, дзеці скардзяцца, што дамагаецца».

А вось чым зарабляў на жыццё яе выхаванец Вячаслаў, Людміла Віктараўна не ведае. «Кожны раз, калі я да яго прыязджала, у мяне былі думкі: адкуль столькі багацця? Але не ведаю. Ён казаў, што частку плошчаў здае».

Выхавальнікі і адміністрацыя інтэрната ў адзін голас запэўніваюць, што ім вінаваціць Славу Давыдовіча няма ў чым. Намеснік дырэктара па навучальнай рабоце Сцяпан Панасюк кажа, што Вячаслаў неаднаразова фінансава дапамагаў іх установе.

«Ён не раскідваўся грашыма тут, вядома, але калі прасілі дапамагчы, заўсёды дапамагаў. Сёння ніхто з нас не зможа кінуць камень у яго».

Больш за ўсё, успамінаюць выхавальнікі, Давыдовіч дапамагаў з арганізацыяй вольнага часу для дзяцей у Мінску. Часта запрашаў групы разам з выхавацелямі, вадзіў па цырках, музеях, усё аплачваў цалкам сам. Начавалі ў яго катэджы на Карла Маркса: хлопчыкі звычайна спалі на першым паверсе, дзяўчаткі з выхавацелямі — на другім.

У гэтым жа доме Давыдовіч арганізоўваў для ўсіх багатае, як кажуць выхавальнікі, і вельмі смачнае харчаванне. Усім дазваляў адчуваць сябе ў яго «як дома». Нярэдка выхавальнікі адпускалі некалькіх хлопчыкаў саміх пагасціць у свайго былога выхаванца. Але, запэўніваюць, адпускалі з інтэрната не болей чым на дзве ночы. Пры гэтым той факт, што забіраў Давыдовіч, як правіла, менавіта хлопчыкаў, нікога не бянтэжыў.

Брэсцкае абласное кадэцкае вучылішча сёння.

Брэсцкае абласное кадэцкае вучылішча сёння.

Выхавальнік і блізкая сяброўка пра Давыдовіча: «З такімі ранамі, як у яго, не жывуць»

Алена Кісялёва, яшчэ адзін выхавальнік Ястрамбельскага інтэрната, з Вячаславам Давыдовічам разам расла і сябравала з ім да гэтага часу. «Я адзін з самых блізкіх яго людзей, і ўсё, што з ім цяпер адбываецца… Мне вельмі шкада, але нездарма людзі кажуць пра ўсё гэта. Было там нешта, думаю», — пачынае расказваць Алена Міхайлаўна і запінаецца. Відаць, што казаць ёй цяжка. Жанчына прыкметна хвалюецца. Часам не ведае, куды ёй падзець вочы і рукі.

За апошнія сем гадоў яна некалькі разоў на год вазіла да Давыдовіча групы кадэтаў: 13, 14, 15 і 16 гадоў.

Ці не дамагаліся іх? Алена Кісялёва кажа: такога не было. «Мы ж да трох ночы сядзелі з ім на кухні, балбаталі. Дзеці ўсе храплі ўжо, ён нікуды не адлучаўся», — кажа яна.

Аднак таму, што ў міліцыі яе сябра абвінавачваюць у сэксуальнай сувязі з непаўналетнімі, жанчына не здзівілася. «Ведаеце, мы шмат гаварылі аб арыентацыі са Славам, бо ў нашым асяроддзі ўжо даўно ішлі размовы, што ён іншай арыентацыі.

Але я ніколі не паверу, што ён кагосьці там гвалтаваў.

Калі мы гаварылі на такія тэмы, ён заўсёды казаў: «Як можна спакусіць чалавека? Прыкаваць ланцугамі? Маўляў, усё па добрай волі.

Казаў, што такія людзі знаходзяць адно аднаго самі. <…> Ён у апошні час занадта шмат выпіваў. Можа, калі ён выпіваў больш, чым трэба, чапляўся да некага. <…>

Вось калі я ездзіла з дзецьмі, мне заўсёды не зусім падабалася, што ён пачынаў хлопчыкаў чапаць, майку ім здымаў. Казаў — выпраўку глядзець. Усё роўна гэта выглядала дзіўна. Але з іншага боку, ён і мне выпраўку глядзеў. Ён жа, як бы гэта сказаць, экстрасэнсорныя здольнасці меў».

Алена Міхайлаўна зноў апускае вочы. А затым пачынае расказваць, што

сам Слава, ды і многія дзеці (у тым ліку Алег Каменда. — Аўтарка) выраслі ў тыя гады, калі дзіцячыя дамы былі месцам жорсткасці і гвалту. «Дзіцячыя дамы тады былі жахам.

Пабылі б вы тут 20 гадоў таму. Гэта кашмарнае месіва з рыку, істэрык, вошай, вечных блох, галечы. Заўсёды раздражнёны персанал, нянавісць, брудныя сцены, запляснелыя куты. Паглядзелі б вы, як іх усіх у лазню заганялі мыцца, як яны мыліся тут!»

Зайшла размова і пра гвалт у дзіцячых дамах, на які скардзіўся на допытах Алег Каменда.

Алену Кісялёву гэта не здзівіла. «Ці ж я адмаўляю! Цалкам, цалкам у тыя часы магло быць», — адзначае яна, але падкрэслівае, што Слава Давыдовіч ёй пра такое ніколі не расказваў. — Ведаеце, гвалт і цяпер ёсць.

Некалькі гадоў таму адзін хлопчык тут, Коля, матацыкл рамантаваў, атрымаў тэрмічныя апёкі. Ён мог выжыць, я яго наведвала ў бальніцы, але ён сказаў мне: «Алена Міхайлаўна, я не хачу больш жыць. Я хачу памерці. Я не хачу вяртацца ў інтэрнат. Лепш смерць». Потым ён мне прызнаўся: яго кожную ноч гвалтавалі, калі выключалі святло. Яго ж аднакласнікі: С., І. Усе ў турме цяпер яны. Я тады казала адміністрацыі, што дзіця скардзіцца, што яго б'юць там, дык мне не паверылі, ля скроні пакруцілі».

Хлопчык Коля з лякарні так і не выйшаў. Памёр у 2009 годзе, нягледзячы на тое, што шанцаў на выздараўленне было вельмі шмат. «Мы з дактарамі тады прыйшлі да высновы, што ён сапраўды так хацеў памерці, што памёр», — кажа Алена Кісялёва.

Алена Міхайлаўна, здавалася, вось-вось заплача. «Разумееце, той, хто гвалтам займаецца, калі даведаецца, што нехта скардзіцца, яны таго прыб'юць. Дзеці баяцца.

Гэта ж толькі ў апошнія гады з'явіліся псіхолагі ў дзіцячых дамах, раней жа нічога не было, ніякай культуры. Гэта цяпер стала з'яўляцца, дзеці пачалі за мяжу ездзіць (маецца на ўвазе ў Італію на аздараўленне. — Аўтарка). А раней яны траплялі ў дзіцячыя дамы ад нічога не вартых бацькоў, пасля таго, як самі бачылі гвалт у доме. Вось гэта ўсё яны і неслі з сабой у дзіцячы калектыў».

Цяпер у Брэсцкім абласным кадэцкім вучылішчы створаны музей. Тут захоўваюцца рэчы, якімі карысталіся ў інтэрнаце ў часы СССР. Цяпер тут усё па-іншаму: прыязная атмасфера, па адчуваннях — прыемныя і клапатлівыя выхавальнікі і адміністрацыя, ветлівыя выхаванцы. Ідэйным натхняльнікам музея стаў Васіль Лаўрыновіч.

Цяпер у Брэсцкім абласным кадэцкім вучылішчы створаны музей. Тут захоўваюцца рэчы, якімі карысталіся ў інтэрнаце ў часы СССР. Цяпер тут усё па-іншаму: прыязная атмасфера, па адчуваннях — прыемныя і клапатлівыя выхавальнікі і адміністрацыя, ветлівыя выхаванцы. Ідэйным натхняльнікам музея стаў Васіль Лаўрыновіч.

Вячаслаў Давыдовіч, па яе словах, таксама мае за плячыма цяжкую гісторыю. «Мама нарадзіла яго, калі была ва ўзросце. Яна піла, была бязбожная алкагалічка. Я яе ненавідзела сама, таму што ведала, як Слава ўсё жыццё яе шукаў. І калі нарэшце знайшоў, яна яму сказала коратка: «Пайшоў ты на х*р».

Я памятаю гэты час, Слава тады жыў у маёй сястры ў Баранавічах. Як ён пакутаваў! Ён чалавек з вельмі сур'ёзнымі ранамі. З такімі ранамі, як у яго, не жывуць і нармальнымі не застаюцца. Ён з хворай душой. Гэта выяўляецца ва ўсім яго жыццёвым шляху. Ён жыве толькі для таго, каб даказаць усім, што ён усё можа. Маўляў, вось я быў нікім, я пабудаваў дамы, я магу зрабіць каго заўгодна шчаслівым, дапамагчы камусьці. Вось, глядзіце! — кажа Алена Кісялёва. — Бацькі, якія нараджаюць непатрэбных ім дзяцей, — вось хто вінаваты ў тым, што на свет з'яўляюцца такія параненыя людзі».

Вячаслаў Давыдовіч у юнацтве. «Гэтая фатаграфія была зробленая, калі Слава знаходзіўся ў Баранавічах пасля заканчэння школы-інтэрната. Мы заўсёды ўспамінаем гэты час з радасцю. Як бы ні змяніўся сам Слава або змянілася стаўленне ўсяго свету да яго, для многіх гэты чалавек заўсёды будзе добрым», — кажа Алена Кісялёва.

Вячаслаў Давыдовіч у юнацтве. «Гэтая фатаграфія была зробленая, калі Слава знаходзіўся ў Баранавічах пасля заканчэння школы-інтэрната. Мы заўсёды ўспамінаем гэты час з радасцю. Як бы ні змяніўся сам Слава або змянілася стаўленне ўсяго свету да яго, для многіх гэты чалавек заўсёды будзе добрым», — кажа Алена Кісялёва.

Музей Ястрамбельскай школы-інтэрната.

Музей Ястрамбельскай школы-інтэрната.

МДГА «У дапамогу дзецям-сіротам», кіраўніком якога быў Вячаслаў Давыдовіч, было адным з найстарэйшых дабрачынных фондаў у Беларусі. Існавала з 1998 года. У мінулым годзе арганізацыя спыніла сваё існаванне.

Сёння ў кадэцкім вучылішчы сірот практычна няма. Туды набіраюць звычайных дзяцей. З 211 выхаванцаў — толькі 20 дзяцей-сірот.

Некаторыя выхавальнікі, даведаўшыся, што іх выхаванец Вячаслаў Давыдовіч трапіў у СІЗА, пачалі пісаць яму лісты. Перапісваюцца да гэтага часу і выказваюць надзею на хуткае аднаўленне справядлівасці. На іх думку, справядлівасць у дадзеным выпадку заключаецца ў тым, каб ён хутчэй вызваліўся.

«А пакуль мы пішам, каб ён трымаўся і не падаў духам!» — кажуць некаторыя выхавальнікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?