«Яны прыходзяць, як сталінская тройка, імем закона і без аніякага закону — упаўнаважаны сельсавета, ветэрынар і ўчастковы». Чаму вы ў адным сказе напісалі спачатку «законА», а пасля «законУ», — запытаўся ў нас чытач пра выпадак з эсэ Паўла Севярынца «Бес свінства» ў сённяшнім нумары «Нашай Нівы».

Сапраўды, выбар канчатка роднага склона слова «закон», паводле нарматыўных слоўнікаў, залежыць ад значэння, у якім слова ўжыта. У нашым кантэксце слова «закон» раскрывае два значэнні.

1. -а. Абавязковае для ўсіх правіла, устаноўленае органам вышэйшай улады, якое мае юрыдычную сілу.

2. -у. Агульнапрынятае правіла грамадскіх паводзін, установа жыцця (прыклад такога сэнсу: «Жыццё закон жалезны мае: Ніколі праўда не ўмірае» (Янка Купала).

Атрымліваецца, неадпаведнасць закона і агульначалавечых правілаў (закону) — з’ява звычайная не толькі для беларускай рэчаіснасці, але і беларускай граматыкі.

Вось так адна флексія выклікае моўную рэфлексію. Нават граматыка, здавалася б, рэч выключна прыкладная, імкнецца да сэнсатворчасці — і ў гэтым ёсць прыхаваная, не ўсім бачная, філасофія беларускай мовы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?