Прапанова адмяніць выбары ў сельскія саветы адхіленая ўладай, паведаміў сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік
«Адбылася вялікая нарада з удзелам прэм’ер-міністра, кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі, іншых высокіх чыноўнікаў. І на ёй губернатары дружна выказаліся за тое, каб і на новых мясцовых выбарах пакінуць абранне дэпутатаў сельскіх саветаў».
Інфармацыя пра ліквідацыю дэпутацкага корпусу ніжэйшага ўзроўню прагучала на самым пачатку году, калі праходзіла выбарчая нарада ў Аляксандра Лукашэнкі. Як тады сказала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, гэта была «прапанова на роўні ідэі». Цяпер атрымліваецца, што гэтую ідэю адкінулі.
На апошніх мясцовых выбарах у красавіку 2010 года абіралі больш за 21 тысячу дэпутатаў. Прыкладна столькі ж чакаецца і на новых выбарах, якія адбудуцца не пазней за сакавік 2014 году.





