Выпадкаў захворвання, выкліканых энтэравіруснай інфекцыяй (ЭВІ) 71-га тыпу, якая зарэгістраваная ў Растове-на-Доне (Расія), у Беларусі няма,
паведаміла загадчыца лабараторыі інфекцый з прыродным рэзервуарам Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Тамара Амвросьева на прэс-канферэнцыі ў Мінску 16 ліпеня.
Паводле яе слоў, вірус больш характэрны для краін Паўднёва-Усходняй Азіі.
Расспажыўнагляд, у сваю чаргу, паведамляе, што ў Растове-на-Доне захварэлі дзеці ў дзіцячым садку, адно дзіця памерла. Захворванне працякае ў цяжкай і сярэдняцяжкай клінічнай форме. На тэрыторыі Расійскай Федэрацыі энтэравірус 71-га тыпу раней выдзяляўся пры спарадычным захворванні ў Хабараўску ў 1989 і 2011 гадах, у Рэспубліцы Бурація ў 2004 годзе, у Стаўрапольскім краі ў 2012 годзе.

У 2007 годзе ў КНР былі зарэгістраваныя 83.344 выпадкі ЭВІ, 17 з якіх завяршыліся смерцю, у 2008 годзе — 61.459 выпадкаў (41 са смяротным вынікам). Найбольш высокае захворванне адзначалася ў дзяцей ва ўзросце да 10 гадоў.

ЭВІ 71-га тыпу адносіцца да групы кішачных вірусаў, аднак яе клініка нетыповая,
бо, зазначыла Амвросьева, яна выклікае ВРІ: з`яўляецца насмарк, ангіна — «мала што ўказвае на кішачную інфекцыю». Другая фаза захворвання выклікае кішачныя сімптомы і неўралагічныя ўскладненні, аж да менінгіту.
Крыніцай інфекцыі з`яўляецца хворы чалавек ці бессімптомны вірусаносьбіт.
Вірус выдзяляецца з насаглоткі ці з фекаліямі, а таксама з везікулярных высыпанняў. Можа некалькі дзён існаваць у навакольным асяроддзі, таму для інфіцыравання неабавязковы непасрэдны кантакт.
Паколькі распаўсюджанне вірусу некіраванае (вакцыны ад яго няма), ва ўмовах адзінай мытнай прасторы і свабоднага перамяшчэння людзей нельга выключыць з`яўленне яго ў Беларусі, сказала Амвросьева.
Санслужба краіны, зазначыла спецыяліст, гатова да дыягнаставання энтэравіруснай інфекцыі 71-га тыпу. Для гэтага ёсць усе неабходныя рэагенты, маюцца таксама медыкаменты для лячэння.
Каб звесці рызыку заражэння інфекцыяй да мінімуму, рэкамендуецца піць толькі вараную ці бутыляваную ваду і напоі ў фабрычнай расфасоўцы, старанна мыць садавіну і агародніну вадой гарантаванай якасці, выключаць пры купанні ў адкрытых вадаёмах, басейнах траплянне вады ў рот.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?