svaboda.org

svaboda.org

Памёр адзін з найлепшых знаўцаў беларускай мовы 4 чэрвеня. 29 мая яму споўнілася толькі 40 гадоў. Але хварэў і ведаў, што выратавання не будзе: рак скуры. Таму паміраць вярнуўся ў родны Мінск з Прагі, дзе працаваў на беларускай службе радыё «Свабода». Слухачы ведаюць яго голас яшчэ і па працы на радыё «101,2». Але не ўсе ў курсе, што выдатны знаўца беларускай мовы вырашыў стаць філолагам толькі ў апошні момант.

«У яго быў курс, каб паступаць у фізкультурны інстытут. І тое, што ён трапіў на філфак, пэўная выпадковасць.

Ягоны бацька быў майстрам спорту па вольнай барацьбе. А Юрась у канцы 1980-х цягаў жалеза — быў абсалютна паглынуты гэтым.

Як нядаўна прызналася яго мама, для яе таксама быў неспадзяванкай выбар, які сын зрабіў у апошняй чвэрці свайго школьнага навучання», — расказвае сябра Бушлякова Валер Булгакаў. Яны разам вучыліся на філфаку БДУ.

«Мы пазнаёміліся 5 верасня 1990, калі нас сабралі, загрузілі ў аўтобусы і вывезлі ў сяло Сінія Горы Смалявіцскага раёна. Мы там адбывалі так званую сельскагаспадарчую практыку: дапамагалі радзіме збіраць ураджай. Юрась, відаць, быў адзіным сярод ста студэнтаў, хто гаварыў па-беларуску. І вызначаўся ўвогуле сваёй бескампраміснай пазіцыяй».

У школе Бушлякоў быў вызвалены ад вывучэння беларускай мовы. Але гэта не зашкодзіла ў старэйшых класах свядома зрабіць выбар.

«Слава беларускамоўнага дзеяча замацавалася за ім яшчэ ў школе, — кажа Булгакаў, які знаёмы з Юрасёвымі аднакласнікамі. — Юрась паходзіць з сям’і, дзе беларускія традыцыі не чужыя. Яго дзед, Пётр Старавыбарны — беларускі пісьменнік, супрацоўнік «Настаўніцкай газеты». Да дзеда прыходзілі сябры, якія паміж сабой гаварылі па-беларуску. Гэта была мінская савецкая інтэлігенцыя, якая захоўвала пэўную моўную ідэнтычнасць».

А калі Юрась перайшоў на беларускую, то гэта было адразу і назаўсёды. У краме, у транспарце, на вуліцы…

«Ён не баяўся сутыкнення з жорсткай рэальнасцю. У першай палове 1990-х мы былі радыкальна настроеныя. І здараліся трагікамічныя, кур’ёзныя сітуацыі, калі мы наязджалі на вядомых персанажаў беларускай культуры з патрабаваннем, каб яны ўжывалі ў сваім маўленні беларускую мову. Помню, як

у 1993 паехалі на экскурсію ў Полацк. І ў холе гасцініцы «Дзвіна» Юрась пачуў, што спявак Анатоль Ярмоленка па тэлефоне гаворыць па-руску. І Юрасёва рэакцыя была даволі агрэсіўнай: ён пачаў выхоўваць сп. Ярмоленку, рабіць яму недвухсэнсоўныя заўвагі.

Часамі даводзіў да здранцвення прадавачак у крамах, просячы «букатку» — булачку. Тады нам здавалася, што беларуская мова жыла і жыве ў нетрах народа, а расійскамоўнасць — гэта нейкі налёт, за якім, калі яго сашкрэбці, адкрыецца ў кожным чалавеку сапраўдная беларускасць».

У 1995 Юрась атрымаў дыплом ВНУ. Гэта быў першы і апошні ў гісторыі БДУ дыплом з адзнакай, на якім была Пагоня. Да таго былі яшчэ савецкія бланкі, а пасля — з новым гербам.

Бушлякоў працаваў у розных накірунках. Яшчэ ў 1993 дэбютаваў на старонках «Нашай Нівы» з перакладам на беларускую твораў Эдгара Алана По. Быў аўтарам некалькіх скандальных публікацый у часопісе Arche. Яму пад псеўданімам Юдаль Марголін належыць слоўнік сэксуальных паняццяў «Жанчына й сэкс: што, дзе й навошта?». Ён з’яўляецца ініцыятарам і рэдактарам перакладу на беларускую «Гістарычнай фаналогіі беларускай мовы» Поля Векслера. Некалькі гадоў працаваў над кнігай (у суаўтарстве) «Беларускі клясычны правапіс. Збор правілаў. Сучасная нармалізацыя».

Пахавалі Юрася Бушлякова на Паўночных могілках Мінска.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?